Знакаміты вынаходнік дынаміту і стваральнік Нобелеўскай прэміі меў дачынення і да бізнэсу ў нашым горадзе. Пра гэта піша партал tut.by у сваім праэкце пра дарэвалюцыйны бізнэс у Беларусі. Бацька Эмануэль Нобель на момант нараджэння трэцяга сына Альфрэда быў збяднелым вынаходнікам, які ў пошуках лепшай долі пераехаў са Швецыі ў Расійскую імперыю дзе на той момант быў попыт на адукаваных замежнікаў. У Расіі справы сям'і пайшлі лепш, бо займелі абарончыя замовы ад расейскай арміі.
У 1870-х гадах адзін са старэйшых братоў Альфрэда Роберт едзе на Каўказ шукаць падыходзячую драўніну для прыкладаў "бярданак", але замест драўніны ён купляе каля Баку нафтавыя ўчасткі і керасінавы завод. Тады браты рэгіструюць "Таварыства нафтавай вытворчасці Братоў Нобелеў", адным з акцыянераў якога быў і знакаміты ў будучым Альфрэд. Дарэчы, 10% ад продажу акцыяў гэтага таварыства ў будучым стануць часткай фонду Нобелеўскай прэміі.
Праўда, у наш горад кампанія прыйшла ўжо тады калі Альфрэд памёр. У пачатку стагоддзя (прынамсі да 1905 года) кампанія адкрывае ў нашым горадзе рэзервуары з якіх прадаюць спажыўцам керасін ды іншыя нафтапрадукты.