Аддзел крымінальнага вышуку Оршы знайшоў у непрацуючага жыхара буйную партыю некурыльнага тытунёвага вырабу «Насвай». Партыя ў 11 кілаграмаў захоўвалася ў гаражы мужчыны. Цяпер ён панясе адказнасць за свае дзеянні. Затрыманы мужчына быў у 19:40 у чацвер.
Гэта ўжо не першая буйная партыя насваю, знойдзеная аператыўнікамі ў Оршы за апошнія паўгода. Супрацоўнікі аддзелу па наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Аршанскага РАУС 11 снежня наведаліся з вобшукам у кватэру беспрацоўнага мужчыны 1992 года нараджэння. Тады было знойдзена 2,350 кг насваю. А ў лютым міліцыя «накрыла» яшчэ аднаго дылера, у якога было больш за 16 кілаграмаў насваю.
Паводле новага артыкула 16.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за набыццё або захоўванне некурыльных тытунёвых вырабаў для смактання і жавання насвая вагой да 50 грамаў можна атрымаць штраф да 2 базавых велічынь.
За перавозку, перасылку, набыццё і захоўванне такіх вырабаў вагой больш за 50 грамаў пагражае штраф да 40 базавых з канфіскацыяй выручкі і "прадмету здзяйснення злачынства" (напрыклад, аўтамабіля) або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй або без.
За выраб насвая — штраф да 45 базавых з канфіскацыяй прадметаў або без, або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй або без.