У складаную сітуацыю патрапіла жыхарка Оршы ў сувязі са смерцю сына - паведамляе партал tut.by. Аляксей служыў у войску, меў афіцэрскае званне. Вайсковец жыў у службовым пакоі ў інтэрнаце. 29 чэрвеня ў вайсковай частцы ва Ўруччы, што пад Мінскам афіцэр атрымаў моцную траўму галавы. Пакуль не высветлена ці ён упаў сам і такім чынам атрымаў траўму, ці яго ўдарылі, ці падпіхнулі, каб ён упаў. Тым не меньш пасля атрымання траўмы мужчына адчуў сябе вельмі кепска і саслужбоўцы завезлі яго да хаты ў інтэрнат. У пакоі ён быў адзін і таму вайскоўцы папрасілі назіраць за ім суседку па інтэрнаце. Яна і пабачыла, што раніцай 30-га чэрвеня Аляксей быў мёртвым. Ускрыццё цела паказала, што менавіта траўма галавы і стала прычынай смерці мужчыны.
У Оршы - адкуль быў родам вайсковец - у яго засталіся маці і бацька, які доўга хварэў. Праз некалькі дзён пасля смерці сына, памёр і бацька. На пахаванні неслі дзве труны, пахавалі мужчынаў таксама побач. Акрамя маці ў Аляксея застаўся малы сын.
Зараз вядзецца следства па факце смерці афіцэра, якому было ўсяго 29 год. Насамрэч, можна чакаць, што справа дойдзе да суда, хаця б таму, што пасля траўмы Аляксея павезлі дамоў, а не ў бальніцу. Апошнім часам - асабліва пасля смерці Аляксандра Коржыча - у СМІ рэгулярна патрапляе інфармацыя пра смерці ў беларускім войску, але раней гэтыя выпадку тычыліся прызыўнікоў тэрміновай службы, пра смерць афіцэра на службе паведамляецца ўпершыню.