Напярэдадні чэмпіяната свету па хакеі нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco - Partnership for Human Rights заклікае прэзідэнта Лукашэнку вызваліць усіх палітвязняў, каб праводзіць ЧС без парушэнняў правоў чалавека.
Петыцыя за спецыяльную амністыю для палітвязняў Беларусі змешчаная на сайце change.org.
“З 9 па 25 траўня 2014 года ў Беларусі пройдзе Чэмпіянат Свету па хакеі. 9 траўня, у дзень адкрыцця чэмпіянату, спаўняецца 69 год з дня заканчэння Другой Сусветнай вайны. З нагоды адкрыцця Чэмпіянату свету 9 траўня, калі таксама адзначаецца Дзень Перамогі, мы просім Вас абвесціць спецыяльную амністыю, паводле якой Ігар Аліневіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Андрэй Гайдукоў, Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў, Арцём Пракапенка, Мікалай Статкевіч і Яўген Васьковіч будуць вызваленыя з турмы.
Паводле беларускіх і міжнародных праваабарончымі арганізацыямі, людзі, згаданыя вышэй, з’яўляюцца палітвязнямі, і іх зняволенне – гэта сур’ёзнае парушэнне правоў чалавека. Беларусь падпісала Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім абавязаная гарантаваць гэтыя правы”, - даводзяць да Лукашэнкі праваабаронцы Libereco.
На сайце арганізацыі змешчаны адпаведныя банэры, якія можна выкарыстоўваць для пашырэння інфармацыі пра петыцыю.