Некаторы час таму па Багушэўску прайшлі чуткі, што мясцовую бальніцу і паліклініку райннае кіраўніцтва вырашыла зачыняць. Гэта ўзбударажыла мясцовых жыхароў. Тут жа ўзгадаліся старыя крыўды на Сенненскае кіраўніцтва: па словах мясцовых, за час калі Багушэўск стаў часткай Сененскага раёна, у ім не было створана нічога, затое шмат што было зачынена. Нават у закрыцці мясцовага ільнозаводу многія схільныя абвінавачваць сенненцаў.
Стала вядома, што 18-га чысла ў Багушэўск павінны прыехаць чыноўнікі з райцэнтру: галоўны ўрач раёну мусіў прыехаць, каб правесці планёрку, а старшыня райвыканкаму, каб сустрэцца з дэпутатамі пасялковага Савету. Але і людзі хацелі пачуць што ж будзе з медычнымі ўстановамі.
А 8-00 калі ў Багушэўск прыехаў галоўны ўрач, каля адміністратыўнага будынка бальніцы сабралося каля 100 чалавек. Варта адзначыць, што прадстаўнікі ўлады не планавалі сустракацца з людзьмі і не былі да гэтага гатовыя, але пасля таго як людзі самі выйшлі чыноўнікі пагадзіліся сустрэцца. А 10-00 у мясцовым доме культуры распачалася сустрэча. Да таго часу людзей сабралася яшчэ больш - каля 150-200 чалавек знаходзіліся у доме культуры.
Чыноўнікі адразу паспрабавалі патлумачыць, што зачыняць бальніцу і паліклініку яны не збіраюцца. Яны, проста, пераймянуюць бальніцу ў сацыяльны цэнтар, а паліклініку ў амбулаторыю. У бальніцы застануцца 7 коек для тэрапеўтычных хворых, але яны будуць на дзённым стацыянары.
Не зважаючы на тое, што "адбудзецца толькі перайменаванне", людзі зразумелі, што за перайменаваннем пойдуць і змены. Дзённы стацыянар, усё ж адрозніваецца ад бальніцы - там не паляжыш, лекі за свой кошт і калі ты рэальна хворы і патрэбная шпіталізацыя, то трэба ўсёё адно ехаць у сянно. Ды і "перайменаванне" паліклінікі прывядзе да таго, што ездзіць у Сянно давядзецца часцей. А даехаць туды можна толькі два разы на суткі: паедзеш раніцай, а вяртацца вечарам. Значыць, паездка пажылога чалавека, або медкамісія дзіцёнка становіцца праблемай.
На сустрэчы людзі эмацыйна выказвалі свае крыўды. Гаварылі і "навошта мы галасуем за такіх дэпутатаў". Пасля гэтага распавялі пару гісторыяў як іх прымушаюць хадзіць на выбары. Гаварылі, што не хочуць быць у складзе Сененскага рана і прасілі перанесці іх або да Віцебска, або да Аршанскага. Прыгадвалі і іншыя крыўды - іх набралося вельмі шмат.
Вынік пратэстнага дня для Багушэўцаў стаў наступным: людзі дабіліся таго, каб чыноўнікі з імі пагаварылі. Старшыня райвыканкаму паабяццаў разгледзець магчымасць запуска яшчэ аднаго рэйса аўтобуса з Багушэўска ў Сянно і паабяццаў, што хворых пенсіянераў будуць у сененскую бальніцу давозіць на машынах хуткай дапамогі. А людзі вырашылі пісаць у больш высокія інстанцыі, каб захаваць статус медычных установаў мястэчка і магчымасць медычнага абслугоўвання для сябе.