Ужо неўзабаве, 1-га лістапада ў Менску адбудзецца прэзентацыя альбому "Lito" ад гурта "Vuraj", лідэрам якога з'яўляецца Сяржук Доўгушаў з вёскі Тарчылава Аршанскага раёна. Буйны канцэрт пачнецца ў прасторы ОК16 на вуліцы Кастрычніцкай у Менску і пачнецца а 19-й гадзіне. Кошт квіткоў ад 18 рублёў, і яны ўжо актыўна раскупляюцца. А сёння ў Менску праходзіць аўтограф-сесія гурта "Vuraj".
Напярэдадні канцэрту-прэзентацыі праграма "Кракатук", якая выходзіць на Радыё Рацыя, пазнаёміла сваіх слухачоў з часткай новага ўнікальнага альбома. У прыватнасці, аўтар праграмы Віктар Сямашка адзначыў, што новы альбом "Lito" атрымаўся больш цэльным і якасным за папярэдні "Rajok". Аўтар праграмы непасрэдна звярнуўся і да крыніц народных спеваў, якія потым выходзяць на шырокую публіку. Застаецца толькі параіць ужо чытачам orsha.eu праслухаць усю перадачу, каб атрымаць цэласнае ўражанне ад прадстаўленай музыкі.