На прайшоўшым тыдні зводкі міліцыі рэдка паведамлялі пра крадзяжы ў рэгіёне, але тое што злачынцы цягнулі выклікае ўсмешку.
У прыватнасці, у перыяд з 8 па 12 снежня невядомы скраў ласіныя рогі. Двое рагоў - як паведамляе УУС - віселі на фасадзе дома прадпрымальніка, калі імі зацікавіўся злачынца. Міліцыя ацаніла страты ў 140 рублёў, а Следчы камітэт завёў крымінальную справу.
У перыяд з 10 лістапада па 8 снежня - у гэты перыяд пацярпелая не была на сваім лецішчы ў Дубровенскім раёне - невядомы залез на лецішча пенсіянеркі і не кепска пажывіўся. Ён скраў: бензатрымер, бензапілу, слясарныя ціскі. Але прыладаў працы яму падалося мала, а, магчыма, ён і лез менавіта за металам, бо акрамя пералічанага злачынца прыхапіў яшчэ і ванну ды металічную бочку. Агулам страты міліцыя ацаніла ў 500 рублёў - даволі вялікая здабыча для Дубровеншчыны.
А, вось, грошы ў нашым рэгіёне не карыстаюцца поспехам у злачынцаў. На гэтым тыдні толькі адзін раз - ды і на іншых гэта не частыя здарэнні - міліцыя зафіксавала выпадак крадзяжу менавіта грашовых купюраў. Адбылося гэта ў Талачынскім раёне дзе жанчына заўважыла знікненне грошай пасля сыходу вечарам з яе кватэры знаёмай жанчыны. Разам са знаёмай сыйшлі і 140 беларускіх рублёў.