Orsha.eu неаднаразова пісаў пра Багушэўскую раённую бальніцу, якую хацелі сур'ёзна панізіць у статусе, а фактычна зачыніць і зрабіць на яе базе дзённы стацыянар. А мясцовую паліклініку збіраліся ператварыць ўсяго толькі ў амбулаторыю. Гэта азначала тое, што па ўсіх істотных пытаннях жыхары Багушэўска вымушаныя былі б ездзіць у Сянно. Але наведваць па большасці пытанняў цяперашні раённы цэнтр народ не захацеў.
Тут варта прывесці некаторую хроніку падзей. 18-га кастрычніка ў Багушэўск прыехалі галоўны ўрач Сенненскай раённай бальніцы і старшыня Сенненскага райвыканкама. У іх планы зусім не ўваходзіла сустрэча з жыхарамі мястэчка, але каля 200 чалавек дамагліся яе неадкладнага правядзення ў той жа дзень. Тады, нягледзячы на запэўніванні чыноўнікаў аб тым, што ніхто не будзе зачыняць шпіталь і паліклініку, а яны нібыта "усяго толькі будуць пераназваныя", багушэўцы настойвалі на сваім — раскрыць праўду. Высветлілася, што пройдзе не нейкая механічная змена назвы, які-небудзь дробны выкід літаркі з абрэвіятуры, а цэлая змена статусу абедзьвух устаноў аховы здароўя. З-за дзеянняў чыноўнікаў людзі нават паднялі пытанне аб кампетэнцыі мясцовага Савета дэпутатаў, у справядлівым абранні якога ёсць вялікія пытанні, бо выбары любога ўзроўню праходзяць ў Беларусі з грубымі парушэннямі і ціскам на выбаршчыкаў. Таксама было ўзнята пытанне аб пераносе Багушэўска з Сенненскага раёна ў Аршанскі альбо Віцебскі.
У лістападзе быў пачаты збор подпісаў у Адміністрацыю прэзідэнта і Віцебскі аблвыканкам з патрабаваннем даць багушэўскай бальніцы статус участковай і захаваць статус паліклінікі. Прычым у сваёй заяве жыхары мястэчка напісалі, што нават у часы нямецкай акупацыі і галодных пасляваенных гадоў бальніца паўнапраўна працавала. У выніку было сабрана больш за 1000 подпісаў.
Таксама ў лістападзе ў Багушэўску адбылося здарэнне, якое падкрэсліла недахоп машын хуткай дапамогі на месцы. Мужчыну, міліцыянту ў адстаўцы не паспелі аказаць медыцынскую дапамогу і ён памёр у Сенненскай бальніцы. А дастаўлялі яго туды на прыватнай машыне, не дачакаўшыся хуткай. Своечасовасць аказання дапамогі магла паўплываць на сітуацыю і выратаваць чалавека.
У выніку, дзякуючы актыўнасці мясцовых жыхароў, іх пратэсту і збору подпісаў, бальніцу і паліклініку ўдалося адстаяць. У Багушэўск прыязджала прадстаўнічая камісія з Менска, Віцебска і Сянна. Была арганізавана новая сустрэча з грамадзянамі. На ёй жыхарам мястэчка афіцыйна заявілі: бальніцу і паліклініку не будуць чапаць.