У 2019 годзе, як і звычайна, у канцы чэрвеня Орша будзе адзначаць дзень горада. Да 1000-гадовага юбілею, які адзначыць сёлета Берасце, аршанцам трэба яшчэ крыху пачакаць, але ў гарадскога кіраўніцтва ўжо цяпер ёсць планы, як стварыць святочную атмасферу. З'явіліся папярэднія планы па ўрачыстым канцэрце ў гонар Дня горада. Святочныя мерапрыемствы традыцыйна будуць арганізаваныя на плошчы Езуіцкага калегіума, а таксама ў іншых месцах цэнтра. А на галоўнай сцэне, якая, як звычайна, будзе каля будынка калегіума, выступяць Ціма Беларускіх і Кай Метаў.
Пік музычнай кар'еры апошняга прыйшоўся на 90-я гады, ягоныя хіты "Position № 2", "Тебя со мною рядом нет", "Вспомни меня", "Ты решила так сама" ды іншыя, таксама праславіўся як кампазітар, напрыклад, напісаў для дуэту Распуціна-Кіркораў песню "Роза чайная". І цяпер Кай Метаў, хаця і не такі папулярны, як у папярэднія гады, але працягвае актыўна выступаць і ездзіць на гастролі. У 2017 годзе ён выпусціў адразу два студыйныя альбомы "Негромко о сокровенно" і "Лови момент".
Ціма Беларускіх куды больш вядомы ўжо не сталаму пакаленню, а моладзі. Ды што там — ён маладзейшы за Кая Метава на 34 гады! Трэкі Цімафея Марозава (а менавіта так Ціму Беларускіх завуць насамрэч) на папулярнай платформе SoundCloud праслухалі 3 мільёны разоў. Яго найпапулярнейшы хіт — "Мокрые кроссы". Зусім нядаўна Ціма прыязджаў у Оршу. Спявак раскруціўся вельмі хутка, прычым дзякуючы найперш сацыяльным сеткам.