У Беларусі ў бліжэйшыя выходныя пройдзе Фэст экскурсаводаў. У Оршы экскурсія адбудзецца 13-га красавіка. Правядзе яе Валерыя Маісеева, а збор усіх ахвотных аб 11-й гадзіне каля Музею гісторыі і культуры горада Оршы. Нагадаем, што музей ужо больш за 11 гадоў не мае ўласнай экспазіцыі, музейны комплекс горада перажывае не лепшыя часы. Магчыма, фэст экскурсаводаў стане прыступкай да паляпшэння становішча. Пешаходная экскурсія па цэнтры Оршы будзе бясплатнай.
18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У Беларусі гэта свята адзначаецца дзякуючы правядзенню ў красавіцкія дні Фэста экскурсаводаў, падчас якога можна трапіць на самыя разнастайныя і ўнікальныя аўтарскія экскурсіі па ўсёй краіне.
Ідэя Фэста нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо 9 фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у Фэста з’явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі. Экскурсаводы, краязнаўцы, якія стала падтрымліваюць мерапрыемства, дзеляцца ўнікальнымі ведамі дзеля таго, каб запаліць у беларусах агеньчык любові да сваёй гісторыі і павагу да сведчанняў мінулага.