У Талачыне "ВАЗ-2107" пры абгоне урэзаўся ў конны воз, моцна пацярпеў 49-гадовы вазак. Як удакладнілі ў ДАІ, здарэнне мела месца яшчэ ўвечары 16-га красавіка. Каля 21.40 у раёне дома №25 на Кастрычніцкай вуліцы 42-гадовы жыхар райцэнтра не справіўся з кіраваннем сваімі "Жыгулямі" і пратараніў воз, які ехаў у спадарожным кірунку. Кіроўца "сямёркі" з'ехаў з месца здарэння. Дома ён накрыў пабітую машыну покрывам, а сам збег далей ад жылля.
Высветліўшы, каму належыць легкавік, супрацоўнікі ДАІ прыехалі па хатнім адрасе кіроўцы, аднак затрымаць п'янага мужчыну змаглі толькі ў кіламетры ад яго дома.
У дарожна-транспартным здарэнні сур'ёзна пацярпеў 49-гадовы вазак, жыхар адной з вёсак Талачынскага раёна. Пасля аказання першай дапамогі мужчыну прыйшлося шпіталізаваць ў траўматалагічнае аддзяленне гарадской бальніцы.