Уладзімір Зяленскі перамог на беларускіх участках для галасавання ў другім туры выбараў прэзідэнта Украіны. Ён атрымаў 68,48% галасоў (767 з 1.120). У дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі — 30,45% (341). 1,07% бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі, сведчаць звесткі Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны.
Яўка выбаршчыкаў склала толькі 9,12% (у спісы выбаршчыкаў было ўнесена 12.285 чалавек). Участкі для галасавання былі адкрытыя ва ўкраінскім пасольстве ў Менску і консульстве ў Берасці. Зяленскі атрымаў у Менску, дзе галасавалі таксама і ўкраінцы, якія жывуць у Оршы, 64,36% галасоў (529 з 822), у Берасці — 79,87% (238 з 298). Вынік Парашэнкі: 34,31% у сталіцы і 19,80% у абласным цэнтры.
У першым туры выбараў яўка ўкраінскіх выбаршчыкаў у Беларусі склала 8,67%.
Як паведамляе ЦВК, згодна з вынікамі падліку амаль 95 % бюлетэняў, у другім туры перамагае Зяленскі — звыш 73% галасоў. У Парашэнкі каля 25%. Несапраўднымі прызнаныя 2,33% бюлетэняў. Яўка склала 62,07%.
Фота "Мінск-Навіны".