Матч паміж футбольным клубам "Орша" і мінскім ФК "АЛФ-2007" скончыўся нічыёй 2:2.
Пасля абнаўлення складу каманды і папярэдніх даволі паспяховых матчаў, аршанскія аматары гарадской каманды маглі спадзявацца на перамогу ФК "Орша" ў сёняшнім матчы, бо "АЛФ-2007" мае ўсяго толькі 14 балаў і знаходзіцца на перадапошнім месцы ў турнірнай табліцы сярод камандаў другой лігі чэмпіянату краіны. Пры тым што наш клуб апошнім часам падняўся да 6-га месца з 25-ю баламі.
Але спартыўная фартуна была на баку абедзвюх камандаў. У выніку, "АЛФ-2007" набірае дадатковы 1 бал у спаборніцтвах, што не мае вялікага ўплыву на яго знаходжанне сярод аўтсайдэраў турнірнай табліцы. Аршанскі футбольны клуб, які сёння, калі б атрымаў перамогу, перамясціўся б на адзін радок вышэй, наадварот спускаецца, прапусціўшы наперад клуб з Баранавічаў.