Знакамітую на ўсю Беларусь скульптуру, якую ў народзе называць «Ленін з катом», адрамантавалі і перафарбавалі. Бетонная статуя правадыра сусветнага пралетарыята ў таварыстве коціка стаіць на чыгуначнай станцыі «Лучоса», на вуліцы Радаснай. Яе ўсталявалі па сваёй ініцыятыве мясцовыя дачнікі. Сёлета ў траўні скульптура пацярпела ад дзеянняў маладых людзей, якія назвалі сябе анархістамі. Бетоннаму Леніну адбілі руку, якую ён працягваў наперад, а коціку — галаву. Хлопцаў знайшлі па запісах з відэакамер і пакаралі за хуліганства. Пазней Леніна невядомыя аблілі чырвонай фарбай.
Пасля рамонту скульптура змянілася: раней Ленін рабіў указальны жэст, а цяпер пагражае сціснутым кулаком. Як піша vkurier.by, коціку прыладзілі новую галаву. Апроч таго, скульптурная група перафарбаваная ў колер «металік».