На гэты раз аўтары нашага сайта выправіліся ў рэйд "Хвосцікаў" разам з валанцёрамі.
Чацьвер, 11-00 раніцы. Досвед падказвае, што гэта не самы лепшы дзень і час для збору людзей. Але без некалькіх хвілін 11 да месца збору на прыпынак пачынаюць падыходзіць удзельнікі рэйду. Першай да нас далучаецца прадпрымальніца - у яе графік работы вольны, яна можа сабе дазволіць папрацаваць дабрачынна, але не надта доўга - адразу папярэджвае, што сёння падыйшла не больш чым на гадзінку. Наступнымі падыходзяць - пабачыўшы, што людзі кучкуюцца - дзве школьніцы. Яны першы раз удзельнічаюць у рэйдзе. Самі ініцыятары прыходзяць з невялікім спазненнем - у некага затрымаўся аўтобус, нехта не своечасова сабраў торбу з ежай для катоў і лекамі. Але пасля 11 гадзін каля 10 чалавек - пераважна жанчыны - адпраўляюцца з месца збору.
Замест двароў дзе і жывуць каты, валанцёры спачатку накіроўваюцца ў крамы для жывёлаў - тут у іх стаяць "каробкі дабра" - куды людзі таксама прыносяць лекі і ежу для жывёлаў. Што і зразумела, кожны з валанцёраў гатовы ахвяраваць і свой час і свае грошы на добрую справу, але ніхто з едзельнікаў ініцыятывы не мільянер, каб цалкам выцягваць справу за ўласны кошт. У кожнага з удзельнікаў у торбах нешта ёсць для бадзяжнікаў, але гэтага не хопіць. Заходзім у краму. Нешта забіраецца з каробкі дабра, нешта купляецца за свой кошт - пераважна лекі - на гэты раз дапамог і ананімны спонсар, які ў прыватным парадку даў дзяўчынам невялікую суму для набыцця лекаў. Але за амаль год такіх рэйдаў удзельніцы "Хвосцікаў" патрацілі ўжо вельмі вялікія сумы са сваіх уласных сродкаў ды, нават, і не спадзяюцца, што можа быць па іншаму.
З вялікімі торбамі дзяўчыны выходзяць у першы ж бліжэйшы двор. Як і ў большасці іншых двароў, тут з-пад кустоў, лавак і сараяў вызіраюць каты. Нешта больш пашарпаны жыццём, нехта ў лепшым стане, а па некаторых бачна, што котка хатняя, проста, выйшла пагуляць. Першай справай валнцёры падкормліваюць жывёлаў - гэта для таго, каб жывёлы не баяліся. У вялікім двары адразу бачна як размяркоўваецца тэрыторыя паміж катамі - пакуль у адной частцы двара катоў падкормліваюць, у другой збіраецца не меньшая стайка, але блізка не падыходзіць. Валанцёры самі ідуць да іх і ўжо ў двух месцах двара пачынаецца вялікі абед. З пад'езда выходзіць пажылы мужчына, які пачынае ні то абурацца, ні то раздаваць рэкамендацыі валанцёрам. Маўляў, карміць катоў не трэба - шмат шкоды будзе, а трэба іх стэрылізаваць і ўвогуле ствараць пітомнік. Валанцёры ўступаюць у размову і тлумачаць, што канчатковай мэтай ініцыятывы як раз і з'яўляецца адкрыццё пітомніка, а кармёшка - гэта толькі разавая дапамога для бадзяжнікаў, каб яны не баяліся падыходзіць бліжэй.
У гэты час значная частка катоў ужо, сапраўды, раслабілася і з большым даверам падыходзіць да валанцёраў, дазваляе сябе пагладзіць. і тут пачынаецца самае цікавае. Каты разлічваюць на яшчэ адну порцыю кармёшкі, але мэта "Хвосцікаў" іншая. Валанцёры пачынаюць хапаць катоў у рукі, каб апрацаваць ад насякомых. І не ўсім гэта падабаецца. У некаторых момантах апрацоўка жывёлаў нагадвае пагоню: валанцёр з цюбікам кропляў бяжыць за катом, які імкнецца схавацца ад свайго добраахвотнага памочніка. У выніку ўдаецца апрацаваць літаральна пару найбольш "цяжкіх" катоў, а кацянятак не злавілі аніводнага. Тады валанцёры ўключаюць хітрасць: пачынаюць капаць катам на загрыўкі пакуль тыя ядуць. Такі метад апрацоўкі меньш эфектыўны, але і так лепш чым нічога. Пакуль усё адбываецца, да справы далучаецца жанчына, якая назірае за ўсім з гаўбца. Яна мяцовая жыхарка і сама, бывае, падкормлівае бадзяжнікаў. Распавядае, што самая ручная котка, якую першай апрацавалі валанцёры раней была хатняя, але гэтай вясной яе цяжарную нехта падкінуў у іх двор і з тае пары котка жыве ў мясцовых сараях, але засталася даволі ручной. Ужо праз пару гадзін валанцёры вярнуліся ў гэты двор і забралі котку, - адразу з сабой не было пераноскі патрэбнага памеру - а вечарам котка ўжо была стэрылізаваная ветэрынарам. Праз некалькі дзён пасля неабходнай ператрымкі котку запрапануюць у рукі новым гаспадарам. Або - у горшым выпадку - яе апрацаваную зноў выпусцяць на вуліцы ў той жа двор, але цяпер яна не прынясе ні новых кацятак, ні новых блыхаў ды іншых паразітаў.
За гэты рэйд "Хвосцікі" прайшліся па пяці дварах дзе апрацавалі не меньш за паўсотні катоў.