Нарадзілася 14 траўня 1989 года ў Оршы. Вучылася ў школе № 4. Дасягненні: чэмпіёнка Еўропы 2011 сярод моладзі, бронзавы прызёр чэмпіянату свету-2011, срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы-2012, удзельніца Алімпійскіх гульняў у Лондане-2012. Упершыню стала вядомай за межамі Беларусі ў 19-гадовым узросце, калі на чэмпіянаце свету сярод юніёраў у польскім горадзе Быдгашч фінішавала 4-й у забегу на 100 метраў з бар'ерамі - бронзавы медаль быў зусім побач, але пра Талай усё адно загаварылі. У 2011 годзе ў чэскай Остраве яна стала чэмпіёнкай Еўропы да 23 гадоў, паказаўшы вынік 12,91 секунды і пераадолеўшы 13-секундны рубеж. Ад рэкорднага выніку шведкі Сузаны Калур 2003 года яе аддзялілі 0,03 секунды. У 2012 годзе Талай была прызнана лепшай лёгкаатлеткай Беларусі. На дадзены момант Аліна трэніруецца ў чэмпіёна Еўропы-1976 па бегу з бар'ерамі ў памяшканнях Віктара Мяснікова. Да пераезду ў Менск трэніравалася ў Аляксандра Гуціна. Менавіта аршанскі трэнер прывёў Талай да першых сур'ёзных міжнародных поспехаў. Талай уваходзіць у лік нешматлікіх беласкурых спрынтарак, здольных заваяваць медалі буйных міжнародных стартаў.
Аліна Талай добра вядомая нават людзям, ніяк не звязаным з Оршай ці спортам. У разгорнутым інтэрв'ю для газеты "Прессбол" Аліна выявіла сваю дакладную жыццёвую пазіцыю, чаго не робіць большасць беларускіх спартоўцаў. Яна заявіла, што часта спрачаецца з расейскімі спартоўцамі, якія хваляць Расейскую імперыю, манархію і прыводзіць ім у прыклад вялікую гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Любімым гістарычным персанажам Талай лічыць вялікага князя Вітаўта, якога характарызуе як надзвычай хітрага і разумнага палітыка. Акрамя таго, спартоўка выступае за вяртанне да вытокаў беларускай дзяржаўнасці, яна падтрымлівае ўсталяванне помніка Станіславу Манюшку, а яшчэ б хацела, каб у Менску з'явіўся помнік Кастусю Каліноўскаму. Аршанка лічыць абсурднымі і непатрэбнымі Беларусі савецкія назвы плошчаў і помнікі камуністычным дзеячам, якія часта нават не бывалі ў нашай краіне. Больш за тое: Талай мае абсалютна вызначаную пазіцыю адносна нацыянальнага сцяга. Вось яе словы на гэты конт: "Я вырасла пад чырвона-зялёным сцягам, і мне падабаецца, калі ён узнімаецца ў мой гонар, аднак давайце не будзем сябе падманваць - наш колер бел-чырвона-белы".
Пасля чэмпіянату свету ў Маскве ў 2013 годзе, Талай нажыла сабе нямала ворагаў у беларускім спорце. Яна адкрыта раскрытыкавала зборную краіны па лёгкай атлетыцы. Пры тым, што сама не трапіла ў фінал, заняўшы толькі 9-е месца, Талай стала адной з лепшых беларусак на сусветным чэмпіянаце. Яна заявіла, што беларуская зборная апынулася "ў задніцы". Спартоўка сама сабе выпісвала фармакалагічную праграму, рызыкуючы нарвацца на допінг, пры тым, што пры нармальнай арганізацыі ўва ўсіх замежных зборных усёй фармакалогіяй займаюцца выключна медыцынскія работнікі каманды.
Аліна валодае англійскай мовай. Па ўласным прызнанні не так, як хацелася б, але для размовы хапае. Часта выступае ў розных дабрачынных акцыях, напрыклад, у 2014 годзе паўдзельнічала ў дабрачынным прабегу ў гонар цяжкахворай украінскай гімнасткі. З музыкі любіць савецкі, беларускі і рускі рок, гурты ДДТ, “Кино”, “Ария”. “Ляпис Трубецкой”. Вось словы Аліны пра музыку: "З беларускага люблю — "Ляпіс Трубяцкі", "Дай дарогу!", "Akute". А перад самім спаборніцтвам звычайна слухаю металкор, каб завесціся." Папулярнасць Талай не абмінула ўвагу музыкаў. Так, Аліна знялася ў кліпе вядомага беларускага гурта "Амарока".
Нягледзячы на тое, што ў свой час сама захацела пераехаць у сталіцу Беларусі і ўрэшце зрабіла гэта, лепшым сродкам для адпачынку Аліна лічыць прыезд у родную Оршу. Вось яе словы: "Я не адчуваю сябе ў сталіцы камфортна. Абсалютна расслабіцца ўдаецца толькі ў роднай Оршы. Калі сядзіш на кухні з бацькамі, п'еш гарбату, слухаеш навіны, сама штосьці распавядаеш. Мы гаворым пра ўсё на свеце — пра спорт, палітыку, гісторыю, літаратуру. І мне так здорава з татам і мамай, што хочацца гаманіць з імі да самага ранку. І гэта рэальна крута!" З канца 2014 года трэніруецца ў Аўстрыі ў трэнера Філіпа Ўінфрыда. На пачатку 2015 года заваявала залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў залах у бегу на 60 метраў з бар'ерамі і стала чэмпіёнкай Беларусі ў бегу на 60 метраў і 60 метраў з бар'ерамі.