Павел Севярынец нарадзіўся 30 сьнежня 1976 года ў Воршы, у сям'і журналіста Канстанціна Севярынца й школьнай настаўніцы Тацьцяны Севярынец. Некаторы час пасля нараджэння Паўла сям'я жыла на Аршаншчыне, дзе бацька працаваў у газеце заводу "Чырвоны кастрычнік" (цяпер "Тэхніка сувязі").
Сярэднюю адукацыю Павел Севярынец атрымліваў ужо у Віцебску: у 1994 годзе скончыў з залатым медалём СШ № 25 у мастацка-архітэктурнай клясе. Паступіў на геаграфічны факультэт БДУ, пасля заканчэння атрымаў прафэсію інжынэра-геоляга па спэцыяльнасьці “Разьведка карысных выкапняў". Пры гэтым, некаторы час Паўла не дапускалі да абароны дыплома па прычыне таго, што ён быў напісаны класічным беларускім правапісам.
Пяць год, з 1994-га па 1999-ы, працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных выданьняў, пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст.
У кастрычніку 1995 года Павел Севярынец уступіў у БНФ "Адраджэньне". Праз кароткі час ўзначаліў Мінскую маладзёвую фракцыю БНФ, неўзабаве на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынём Маладога Фронту.
Падчас апазыцыйнае маніфэстацыі ў Мінску ў красавіку 1998 года быў арыштаваны за "зрыў канцэрту, прысьвечанага аб'яднаньню Расеі й Беларусі", зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці вызвалены й адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск. Крымінальная справа была закрытая без тлумачэньняў і прабачэньняў.
Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гадах, Павел больш за 40 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; агулам правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тысячы даляраў штрафаў.
Севярынец - заснавальнік асьветніцкага праекту "Шоў Беларушчыны", курсаў "Ды-джэяў Адраджэньня", ініцыятар стварэньня кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў "Пераменаў!", а таксама міжканфэсійнае супольнасьці "Хрысьціянская ініцыятыва". У 1999-2003 гадах ён – намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999-га да 2000-ы – старшыня Маладога Фронту.
У 2003 годзе выйшаў з Партыі БНФ і абвесціў "Малады Фронт" цалкам самастойнай арганізацыяй.
У гэтыя гады ён становіцца адным з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. - чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі "Беларусь у Эўропу!" (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блёку "Маладая Беларусь" (2004 г.), партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя (2005 г.).
У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць "трэцяга тэрміну Лукашэнкі", якія адбыліся ў Менску пасьля "рэферэндуму-2004" 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да 3-х гадоў абмежаваньня волі (г.зв. "хіміі"), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2-х гадоў. Адбываў пакараньне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён).
У цяперашні час Павел Севярынец – адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнню партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”. Адбывае пакаранне ў спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У маі 2011 года ён быў асуджаны на тры гады абмежавання волі па крымінальнай справе аб масавых непарадках у Менску 19 снежня 2010 года.
У 2006 і 2011 гадах міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Паўла Севярынца “вязнем сумлення”. Павел Севярынец займаецца пісьменніцкай дзейнасцю. Рэкамендацыі для ўступлення ў Саюз беларускіх пісьменнікаў яму далі Міхась Скобла, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў. Ён – аўтар чатырох кніг: “Ды-джэй Адраджэньня”, 1998, “Пакаленьне Маладога Фронту”, 2002, “Нацыянальная ідэя”, 2005, “Лісты зь лесу”, 2007.
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”.