Аляксандр Мікалаевіч Шынкевіч нарадзіўся 8 красавіка 1956 года ў Оршы. Вучыўся ў сярэдняй школе №5, якую закончыў у 1973 годзе. Адразу пайшоў працаваць на завод “Чырвоны Кастрычнік” (зараз "Тэхніка сувязі") рэгуліроўшчыкам радыёапаратуры. Краязнаўствам А. Шынкевіч пачаў цікавіцца яшчэ ў школьныя гады, але сур”ёзна стаў займацца гэтай справай з 1980 года. Шмат падарожнічаў, рабіў здымкі гістарычных месц, архітэктурных помнікаў Аршаншчыны, шукаў пісьмовыя і вусныя звесткі аб іх. Зрабіў карту з указаннем усіх гістарычных месц і помнікаў Аршаншчыны. Даследаваў цікавыя каменні Аршаншчыны, цікавіўся палеанталогіяй краю.
У 1992 годзе ў рэспубліканскім выдавецтве “Полымя” выйшла першая кніжка, прысвечаная гістарычнаму мінуламу Аршаншчыны, – “Аршанская даўніна”, напісаная Аляксандрам Шынкевічам.
Наклад кнігі быў невялікі – 3,5 тысячы экземпляраў, і яна вельмі хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю. З таго часу Аляксандр Мікалаевіч выпусціў яшчэ шэраг кніг і брашур па гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі Аршаншчыны. “Аршаншчына ў адлюстраваннях”, “Падарожжа па Дняпры”, “Мінулае на карце Аршаншчыны”, “Куцейна:гісторыя і таямніцы зямлі манастырскай”, “Старадаўнія пісьмены” – гэта далёка няпоўны пералік надрукаваных работ краязнаўцы.
Аляксандр Шынкевіч мае і іншыя інтарэсы. Ён захапляецца фатаграфіяй і кіназдымкамі, праграміраваннем. Збірае дамашні архіў і музей. Частку цікавых знаходак перадаў у музейныя фонды горада.
У дні святкавання 945-гадовага юбілею Оршы краязнаўца зрабіў гораду падарунак. Выпусціў дыск-альманах усіх сваіх работ за 20 год па гісторыі, прыродазнаўству, геаграфіі роднага краю, які будзе добрым дапаможнікам для гісторыкаў, краязнаўцаў. А яшчэ адзін камплект дыскаў ён на свае сродкі падрыхтаваў для школьных настаўнікаў.