Лілія Васільеўна Камлюк нарадзілася ў Оршы 2 лютага 1937 года. Скончыла біялагічны факультэт Белдзяржўніверсітэта. Яна - доктар біялагічных навук, прафесар, вучоны ў галіне гідраэкалогіі. Член міжнароднага савета па навукова- тэхнічнаму супрацоўніцтву ў галіне даследаванняў біярэсурсаў і аквакультуры.
Навуковыя працы Л. Камлюк прысвечаны вывучэнню экасістэм рыбаводных сажалак з мэтай павелічэння рыбапрадукцыі, а таксама вывучэнню структуры зоапланктоннага згуртавання вадаёмаў. Лілія Васільеўна Камлюк чытае лекцыі па курсах “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне” для студэнтаў па спецыяльнасці “біялогія” і “глабальная экалогія”.
Галіны навуковых інтарэсаў: гідраэкалогія рыбаводных сажалак, а таксама праблемы ўтрымання і выкладання біялогіі ў сярэдняй школе.
Л. Камлюк – аўтар больш за 160 навуковых публікацый у галіне гідраэкалогіі, а таксама 26 вучэбных дапаможнікаў для вучняў сярэдняй школы і абітурыентаў.
У сувязі з 90-годдзем БДУ ў 2011 годзе прафесару кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі Ліліі Васільеўне Камлюк прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”.