Віцебскі "ўрач-праўдаруб" лічыць, што кепскія бытавыя ўмовы ў гарадскіх шпіталях зневажаюць людзей. Асабліва з улікам таго, што "доўгабуды" і зацягнутыя на дзесяцігоддзі рамонты фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту, а па вялікім рахунку – за кошт падаткаў тых жа пацыентаў. Таму ён прапануе збіраць падобныя фотадоказы і рабіць іх здабыткам галоснасці.
Толькі тады, калі грамадскасць будзе ведаць пра факты бядотнага стану мясцовай медыцыны, з гэтым можна будзе адкрыта змагацца, перакананы Ігар Пастноў. У сваім блогу ён піша:
"Нядаўна я зноў наведаў месцы "будоўляў стагоддзя": інфекцыйная бальніца, онкадыспансер, новы будынак наркадыспансера, неўралагічны корпус і тэрапеўтычнае аддзяленне БХМД. Будоўлі спыніліся і руйнуюцца ад карозіі, вільгаці. А ўжо пастаўленае абсталяванне проста раскрадаецца... Многія пытаюцца: навошта мне лезці ва ўсе гэтыя нетры, змагацца з ветракамі? Паспрабую адказаць… Напрыклад, у мяне на вачах наварочваюцца слёзы, калі назіраю, што за бязладдзе творыцца навокал. Магчыма, гэта слёзы бяссілля, таму што адзін я нічога не магу зрабіць. Не магу перашкодзіць пакутам дзяцей і дарослых, не магу перашкодзіць дзікаму раскраданню бюджэта…
Аднак на сёння ў нашай краіне, мабыць, адзіны спосаб барацьбы - агалоска. Гэтага яны баяцца больш за ўсё на свеце, нават больш, чым чорт ладану. Адна справа, калі пра штосьці падобнае кажуць на кухнях, у транспарце, чэргах. Над гэтым яны толькі пасмейваюцца. Зусім іншае - маштабны рэзананс".
Разумеючы, што не кожны з землякоў гатовы да публічнага выказвання ўласнага абурэння, Ігар Пастноў прапануе дасылаць фотафакты на ягоную электронную скрыню. Сам ён ужо не аднойчы выказваўся пра бядотны стан віцебскай медыцыны, пра парушэнне права на годнае жыццё ў адносінах да пацыентаў, якім даводзіцца лячыцца далёка не ў лепшых умовах. Віцебскі "ўрач-праўдаруб" шмат распавядае і пра медычныя "доўгабуды", на якія цягам дзесяцігоддзяў выдаткоўваюцца грошы, і пра чэргі ў паліклініках, і пра нізкія заробкі медыкаў…
Летась, пасля з'яўлення ў інтэрнэце шэрагу выступаў на гэтую тэму, Ігара Пастнова проста з працы забралі ў псіхіятрычнае аддзяленне абласнога псіханеўралагічнага шпіталю. Гэтым яму папярэдне неаднаразова пагражалі на розных узроўнях. Віцебскага “ўрача-праўдаруба” гвалтам накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, і гэтае рашэнне Віцебскага раённага суду яму дагэтуль не ўдалося абскардзіць. Ягоныя сведчанні пра тое, што ў судзе не прысутнічалі ні ён сам, ні адвакат, да паслуг якога адміністрацыя псіхіятрычнага шпіталю ўвогуле не дазволіла звярнуцца, не былі прынятыя ні Віцебскім абласным, ні Вярхоўным судом.
Падкрэсліваючы, што суды праігнаравалі ягонае права на незалежнае і аб’ектыўнае судовае разбіральніцтва, ён звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Зварот Ігара Пастнова ўжо прыняты да разгляду.
Што да медычных установаў Віцебску, то гэтая праблема вельмі вострая для гараджанаў. Прыкладам, зважаючы на недахоп сродкаў, медработнікі Віцебшчыны прапанавалі правесці мэтавы збор сродкаў на развіццё анкалагічнай службы рэгіёна. І гэтая прапанова абурыла землякоў: яны ведаюць, што грошы на развіццё галіны выдаткоўваюцца пераядычна, а вось як размяркоўваюцца і чаму іх увесь час бракуе – невядома нікому.
Гараджане і самі спрабуюць змагацца за выкананне сацыяльных стандартаў: жыхары мікрараёнаў Білева-1 і Білева-2 збіраюць подпісы за будаўніцтва паліклінічнага комплексу. Будоўля была запланаваная яшчэ колькі гадоў таму, у 2012 годзе ўжо была зробленая праектная дакументацыя, але сёлета з планаў інвестыцыйнай праграмы гэты пункт знік, нібыта яго і не было.