Прэмія Вацлава Гавела ў галіне правоў чалавека прысуджаная зняволенаму старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Імя пераможцы абвясціў старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Жан-Клод Міньён 30 верасня ў Страсбургу. Ён павіншаваў з узнагародай жонку праваабаронцы Наталлю Пінчук, якая прысутнічала на цэрымоніі.
Сёлета сярод намінантаў былі, акрамя Алеся Бяляцкага, аўтарытэтныя правааабарончыя арганізацыі - Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія) і Rights Defence Network (Кітай).
Жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, якая прысутнічала на цэрымоніі ў Страсбургу, адзначыла, што Вацлаў Гавэл з’яўляўся духоўным настаўнікам Алеся. Незадоўга да сваёй смерці, Гавэл накіраваў Алесю ў турму ліст падтрымкі. Алесь піша вось у гэтай паштоўцы, што для яго гэты ліст стаў праменем надзеі і салідарнасці.
Наталля Пінчук таксама прамовіла, што ад самага пачатку свайго шляху Алесь змагаўся за незалежную і дэмакратычную Беларусь.
Зараз яму няпроста, ён знаходзіцца ў больш жорсткіх умовах, чым іншыя палітвязні, а ў турмах Беларусі дагэтуль яшчэ 10 палітвязняў, якія зрабілі свой выбар на карысьць дэмакратыі і свабоды. Прэмія, якую атрымаў Алесь, гэта знак салідарнасці ня толькі з ім, але і з усёй беларускай дэмакратычнай супольнасцю.
Як паведамляе сайт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, спачатку журы прадставіла спіс з шасці кандыдатаў, сярод якіх былі названыя Людміла Аляксеева (Расія), Алесь Бяляцкі (Беларусь), Грузінская Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія), Вянгерскі Хельсінскі камітэт (Венгрыя), Псіхічны цэнтр абароны інвалідаў (Венгрыя) і Сетка абароны правоў (Кітай).Беларускага праваабаронцу вылучылі больш за 30 польскіх НДА.