Літаратурна-краязнаўчая Канферэнцыя, якую зладзіла аршанская арганізацыя Таварыства беларускай мовы прайшла ў суботу 23 лістапада і па-сутнасці распачала тыдзень святкавання дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча.
Планавалася, што на канферэнцыі выступяць 7 даследчыкаў, але не ўсе з іх ўмаглі прыехаць з-за праблемаў са здароўем. Так, Віктар Сцяпанаў даслаў свой даклад, але з-за хваробы не змог прысутнічаць сам. У выніку яго даклад прысвечаны актуальнасці гістарычных трактовак Караткевіч быў зачытаны Юрыем Нагорным — старшынём аршанскага таварыства беларускай мовы.
Астатнія даклады былі больш ярыентаваныя на практычную рэалізацыю: так, Паліна Сцепаненка распавяла пра свой позірк на тое якой магла б быць экспазіцыя дома Караткевіча. У хуткім часе гэтая канцэпцыя будзе прэзентавана перад ўладальнікам доме бізнэсмэнам Андрэем Балабіным. Таццяна Вароніна ў сваім дакладзе адзначыла, што шыльда, якая прымацавана да дома Караткевіча мае прынцыповую памылку. Там напісаны толькі адзін перыяд калі пісьменнік жыў у гэтым доме, але насамрэч тут ён жыў з 1946 года да паступлення ва Ўніверсітэт і пазней калі памерла яго маці ён правёў тут каля паўгоду змагаючыся з нэрвовым стрэсам. Таму спадарыня Таццяна прапанавала замяніць шыльду на новую, а старую перадаць у музей.
Найбольшы інтарэс зрабіў даклад Віктара Лютынскага. Па-сутнасці, тое, што ён распавёў — сенсацыя. Аказваецца ў Оршы захаваўся яшчэ адзін дом дзе жыў Караткевіч. І яго знайшоў Віктар Паўлавіч. Гэты дом сёння стаіць на вуліцы Пралетарскай і мае нумар 50. У ім сям’я Караткевіча здымала кватэрку ў пасляваенны перыяд з 1944 па 1946 гады, калі вярнулася ў Оршу і пабачыла, што стары іх дом знішчаны. Такім чынам у Оршы з’яўляецца яшчэ адно месца для ўшанавання нашага вялікага земляка.
Мы не будзем зараз апісваць астатнія даклады, якія чыталіся на канферэнцыі, бо на працягу гэтага тыдня плануем апублікаваць калі не ўсе, то большасць дакладаў. Сачыце за абнаўленнямі!