Традыцыйна афіцыйную частку святкаванняў бярэ на сябе музей Караткевіча. І хаця работнікі музея ўжо працуюць над праграмай наступнага года, калі краіна будзе святкаваць 90-годдзя з дня нараджэння Ўладзіміра Сямёнавіча, на гэты год таксама ўжо ёсць праграма для святкавання.
Так, традыцыйныя літаратурныя чытанні на свежым паветры адбудуцца 26 лістапада а 11-00 у парку "Казачная краіна" каля помніка пісьменніку. Пасля чытанняў святкаванне перамесціцца ў музей дзе будзе выстава-прэзентацыя 25-томнага выдання творчасці Караткевіча.
На наступны дзень музей арганізоўвае квэст-гульню для школьнікаў і навучэнцаў "У пошуках скарба Караткевіча".
28-га ў музеі будуць паказваць лялечныя спектаклі па матывах народных казак. Спектаклі будуць пачынацца а 10-00, 12-00 і 14-00.
29-га пройдзе сустрэча з паэтам і перкладчыкам Міколам Маляўкам.
30 лістапада з 15-00 музей пакажа мультфільмы і мастацкія фільмы паводле сцэнароў Уладзіміра Сямёнавіча.
Дададзім, што ўжо сёння некаторыя беларускія тэлеканалы пачалі паказы такіх фільмаў.
Грамадскія актывісты таксама ў гэтыя дні праводзяць свае мерапрыемствы. Так, ужо прайшла літаратурна-краязнаўчая канферэнцыя, а 30-га лістапада, ў бліжэйшыя выходныя, Орша ўпершыню прыме літаратурны фестываль імя Караткевіча на які прыедуць пісьменнікі з усёй краіны. Праграму фестываля мы апублікуем пазней.