09:00

-4

7 м/с

1006 гПа

12:00

-2

8 м/с

1005 гПа

15:00

-0

7 м/с

1004 гПа

18:00

-1

7 м/с

1003 гПа

21:00

-1

6 м/с

1003 гПа

Беларусь, Культура

Чатыры сустрэчы з Караткевічам

30.11.2019 07:20

3409 праглядаў, 6 каментароў

Зіновій Прыгодзіч узгадаў свае сустрэчы з класікам беларускай літаратуры.

Артыкул з успамінамі пісьменніка Зіновія Прыгодзіча надрукаваны ў газеце «Звязда». Прыгодзіч напісаў пра ўсе абставіны, што папярэднічалі сустрэчам з Караткевічам, пра дыялогі з ім і многае іншае.

1. Упершыню я пабачыў Уладзіміра Караткевіча восенню 1966 года. Ён зайшоў у сельгасаддзел газеты «Звязда» (дзе я тады працаваў) да загадчыка аддзела Васіля Нікалаенкі. Яны, аказваецца, былі нейкім чынам знаёмыя. А вось па якой патрэбе Уладзімір Сямёнавіч завітаў да яго, дальбог, ужо не прыпомню. Дый падрабязнасцяў размовы, якая доўжылася недзе з паўгадзіны, шчыра кажучы, толкам не магу прыгадаць.

Чаму? Мой тадышні псіхалагічны стан можна зразумець. Уладзімір Караткевіч у тыя гады быў ужо не проста вядомы, а надзвычай папулярны пісьменнік, асабліва сярод студэнцкай моладзі. Мы зачытваліся ягонымі аповесцямі «Сівая легенда», «Цыганскі барон», раманам «Нельга забыць». Ну а гістарычны дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» наогул стаў культавым творам для ўсіх — і маладых, і пажылых.

І вось гэты пісьменнік прыходзіць у аддзел, куды вышэй старшыні калгаса ніхто не з’яўляўся. Гэта было раўнацэнна з’яўленню нейкага небажыхара. Я ва ўсе вочы глядзеў на шаноўнага госця, ад хвалявання кепска разумеючы, пра што ідзе размова. Між тым у абліччы, у паводзінах знакамітага пісьменніка не было нічога зорнага, пыхлівага. Як і звычайны наведвальнік, ён прысеў да стала Нікалаенкі і вельмі проста, вельмі шчыра павёў гаворку, у якую паступова ўключыліся і мы, двое супрацоўнікаў аддзела.

А гаворка нейкім чынам выйшла на праблему захавання гісторыка-культурных і архітэктурных помнікаў. І вось тут я ўжо добра памятаю, як Уладзімір Сямёнавіч горача стаў даводзіць, што мы, журналісты, кепска займаемся гэтай важнай праблемай. На нашых вачах разбураюцца, гінуць цудоўныя палацы, каштоўныя сядзібы, унікальныя цэрквы. А гэта ж — наша гісторыя, памяць нашых продкаў, неацэннае багацце нацыянальнай культуры. І калі так пойдзе і далей, то нашым нашчадкам нічога не застанецца.

— Мая мара, — сказаў Караткевіч, — каб з цягам часу тое, што можна яшчэ аднавіць, было адноўлена. Ну а тое, што некаму замінае і здаецца непатрэбшчынай — старыя драўляныя цэркаўкі, млыны, даўнія хаты, цікавыя гаспадарчыя пабудовы, — пажадана, каб усё гэта было перавезена і сабрана ў адным месцы, у музеі народнай архітэктуры і быту. У музеі пад адкрытым небам. Як гэта зроблена ў Швецыі, у цэнтры Стакгольма. Зрэшты, як і ў нашых украінскіх суседзяў, у Львове.

Вось тады я ўпершыню і пачуў ад Караткевіча слова «скансэн». Пазней яно трывала ўвайшло і ў наш беларускі лексікон. Асабліва пасля таго, як у снежні 1976 года ўрадам рэспублікі была прынята пастанова аб стварэнні такога музея ў ваколіцах Мінска. Можна толькі здагадвацца, як парадаваўся б гэтаму Уладзімір Сямёнавіч. На жаль, адкрыццё музея адбылося ў 90-х гадах ужо без Караткевіча.

2. Напрыканцы вясны 1968 года ў доме адпачынку, што на возеры Свіцязь, прайшоў другі рэспубліканскі семінар творчай моладзі рэспублікі.

Тут другі раз мне пашчасціла бачыць і чуць свайго любімага пісьменніка. Ён запрасіў ахвотных на пешую экскурсію па ваколіцах Свіцязі. Жадаючых набралася чалавек дваццаць.

На беразе возера, адкуль пачыналася наша падарожжа, Караткевіч расказаў крыху пра Навагрудчыну гістарычную. Цяпер гэта гучыць неверагодна, але тады, у шасцідзясятыя, мала хто з нас ведаў, што князь Міндоўг, а таксама яго паслядоўнікі Гедымін, Альгерд, Вітаўт стварылі магутную еўрапейскую дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае. І што першай сталіцай гэтай дзяржавы быў Навагрудак, ці, як яго тады называлі, Ноўгародак.

Упершыню ад Караткевіча мы пачулі пра легендарную бібліятэку ў Шчорсах. Заснавальнікам гэтай бібліятэкі быў адзін з вядомых прадстаўнікоў старажытнага праваслаўнага шляхецкага роду Храптовічаў — Іаахім Літавар Храптовіч. У свой час тут працавалі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, гісторыкі Даніловіч, Ярашэвіч, Маліноўскі і іншыя выдатныя дзеячы культуры. Кажуць, што сюды праездам з Нясвіжа завітваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

— А мы наведаем Шчорсы? — пацікавіўся нехта з нас.

— Не, хлопцы, — пакруціў галавою Уладзімір Сямёнавіч, — гэта далекавата адсюль. Дый ад бібліятэкі той застаўся адзін будынак.

— А што здарылася?

— Здарылася вайна. Каб уратаваць унікальную бібліятэку, яе гаспадары вырашылі перадаць значную, найбольш каштоўную частку кнігазбору ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта святога Уладзіміра. Аднак калі ў 1915 годзе і Кіеву стала пагражаць рэальная акупацыя, універсітэцкая бібліятэка была эвакуіравана ў Саратаў. Словам, пасля шматлікіх перамяшчэнняў туды-сюды значна парадзелая частка кнігазбору Храптовічаў у рэшце рэшт апынулася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Украіны. Дзе яна захоўваецца і зараз. Але ніхто нам наш неацэнны скарб вяртаць не збіраецца.

А яшчэ Уладзімір Сямёнавіч пазнаёміў нас з некаторымі помнікамі архітэктуры драўлянага дойлідства, якія цудам ацалелі да гэтага часу.

Першай на нашым шляху была вёска Мірацічы. Гэта даволі вялікі, старажытны населены пункт, першае ўпамінанне пра які ў летапісе пазначана 1538 годам. Тут захавалася даўно зачыненая чатырохсотгадовая драўляная цэркаўка так званага схаванага тыпу. Назнарок малая, назнарок у гушчары, каб падчас навалы і вайны не знайшлі. А яшчэ яна славутая, на што Уладзімір Сямёнавіч звярнуў асаблівую ўвагу, тым, што мае цудоўную народную разьбу.

За чатыры кіламетры ад Мірацічаў вёска Валеўка. Ужо даволі сучасная, але і ў ёй наш дасведчаны гід паказаў нам нямала старажытнасцяў. У прыватнасці — курганы, гарадзішча, а таксама дзеючы трохсотгадовы драўляны храм. У ім, згодна з паданнем, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш. А яшчэ тут нам паказалі іконы работы... Васняцова! Так, так, вывезеныя калісьці з Варшавы, яны трапілі ў некаторыя беларускія храмы, у тым ліку і ў Валеўскі.

Мясцовы бацюшка — хударлявы, сярэдніх гадоў мужчына — быў дужа ўсцешаны візітам такой вялікай групы моладзі на чале з вядомым пісьменнікам і правёў нас ажно за ваколіцу вёскі.

Сёння гэты аповед можа некаму здацца банальным. Маўляў, паглядзелі дзве цэркаўкі — ну і што тут такога? Але не трэба забываць, што гэта былі шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя — самы разгул ваяўнічага атэізму, калі не толькі наведваць, але нават і ўпамінаць царкву было нельга. Таму, відаць, і помніцца ўсё, што гаварыў і паказваў Уладзімір Сямёнавіч, — з удзячнасцю помніцца да гэтага часу.

3. Аднойчы мяне паклікаў да сябе сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін (я працаваў у яго памочнікам) і кажа:

— Ёсць адна справа. Толькі што прыязджаў кіраўнік Мсціслаўскага раёна. Разгублены, раззлаваны. Да юбілею горада яны задумалі выпусціць кнігу. Але тое, што зварганілі мясцовыя пісакі, нікуды не варта. Просіць дапамагчы.

— А чым мы можам ім дапамагчы?

— Трэба падключыць каго-небудзь з пісьменнікаў. Добра было б, каб за гэту справу ўзяўся Караткевіч. Як ты думаеш, удасца нам яго ўгаварыць?

— Сумняваюся, Аляксандр Трыфанавіч. Ён толькі што закончыў эсэ да тысячагоддзя Турава. Стомлены. Дый адчувае сябе не вельмі.

— М-да-а... — задумаўся Кузьмін. — І ўсё ж паспрабуем. Запрасі яго да мяне.

Шчыра прызнаюся: не хацелася мне турбаваць Уладзіміра Сямёнавіча па такой няўдзячнай справе. Ён дужа не любіў незапланаваных, афіцыйных даручэнняў.

На мой званок Караткевіч адгукнуўся адразу. Пачуўшы пра запрашэнне Кузьміна, здзівіўся:

— А на якую халеру я яму спатрэбіўся?

І тут, каюся, я трохі схітраваў, не сказаў дзеля чаго. Бо каб сказаў праўду, Уладзімір Сямёнавіч мог бы знайсці тысячу прычын і адмовіцца. А так, трохі азадачаны, неахвотна прамовіў:

— Ладна. Заўтра з раніцы зайду.

Размова ў Кузьміна была доўгая. Я не ведаю, чым, якімі аргументамі Аляксандр Трыфанавіч змог пераканаць Караткевіча, але той, праўда, без вялікай ахвоты, з пэўнымі агаворкамі, усё ж даў згоду.

Ад сакратара Уладзімір Сямёнавіч выйшаў хмуры, заклапочаны:

— Не хапала мне яшчэ гэтага! Тут жа працы на добры год. Толькі з павагі да Аляксандра Трыфанавіча я пагадзіўся. Ды яшчэ сыграў сваю ролю адзін важкі аргумент. Мсціслаў — радзіма маёй маці.

Бурчэць — то ён бурчэў, але за справу ўзяўся закасаўшы рукавы, з заўсёднай сур’ёзнасцю і ўедлівасцю. Больш за год рыхтаваўся да паездкі на Мсціслаўшчыну: вывучаў архівы, штудзіраваў энцыклапедыі тых часоў, гістарычныя кнігі. Двойчы ездзіў збіраць матэрыял на саму Мсціслаўшчыну. І нарэшце, эсэ «Мсціслаў — дыяментавы горад» у верасні 1982 года было закончана.

Я пра гэта дазнаўся ад Кузьміна, які на адной з нашых ранішніх сустрэч сказаў:

— Званіў Катушкін (першы сакратар Мсціслаўскага райкама партыі). Толькі што прачытаў рукапіс Караткевіча. Даў найвышэйшую ацэнку. Прасіў перадаць аўтару шчырую падзяку. Ты мне дай тэлефон Караткевіча, я сам яму пазваню.

Рыхтуючы гэтую нататку, я перачытаў «Дыяментавы горад». За трыццаць пяць гадоў тэкст аніколечкі не страціў сваёй прывабнасці і актуальнасці. Сакрэт, відаць, у тым, што Караткевіч у гэтай кнізе рашуча адышоў ад канонаў падобнай літаратуры. Пазбягаючы навуковай, афіцыйнай нудоты, аповед павёў лёгка, раскавана, глыбока дасведчана, вобразна.

Вось так дзякуючы партыйнаму заданню, ці, дакладней, просьбе партыйнага чыноўніка беларускі чытач атрымаў яшчэ адну выдатную гістарычную кнігу, якая годна ўславіла багатую на таленты і прыроднае хараство мсціслаўскую зямлю. А ў мяне на памяць аб тых днях застаўся вабны томік Уладзіміра Караткевіча «З вякоў мінулых» з яго дробным, каліграфічным надпісам: «Паважанаму Зіновію Кірылавічу Прыгодзічу на добры ўспамін ад аўтара. 15 ліпеня 1980 года».

4. І была яшчэ адна, апошняя сустрэча.

У сакавіку 1984 года я трапіў у бальніцу. І аднойчы на абходзе палатны ўрач між іншым паведаміў, што ў суседнюю палату палажылі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Перавялі з рэанімацыі, у вельмі цяжкім стане.

Канешне, я тут жа выйшаў у калідор і праз адчыненыя дзверы суседняй палаты ўбачыў, што Уладзімір Сямёнавіч ляжыць справа ад акна, накрыты да палавіны бальнічнай коўдраю. І не то спіць, не то, заплюшчыўшы вочы, аб нечым задумаўся. Памятаючы словы доктара, што «ён у цяжкім стане», я не асмеліўся зайсці ў палату, патрывожыць Уладзіміра Сямёнавіча. Яму зараз былі болей за ўсё патрэбны цішыня і спакой.

Стаў пільнаваць Караткевіча ў калідоры. Аднак ні заўтра, ні паслязаўтра ўбачыцца не ўдалося. Толькі недзе праз тыдзень мы выпадкова сутыкнуліся. Уладзімір Сямёнавіч стаяў каля акна прыбіральні і курыў. У мяне міжволі вырвалася:

— Уладзімір Сямёнавіч, навошта вы курыце? Вам жа нельга!

— Ат, — вяла махнуў ён рукою. — Ужо адзін чорт. Гэта, магчыма, апошняе задавальненне, якое мне засталося...

— Ну навошта так змрочна?

Ён нічога не адказаў, толькі паморшчыўся.

Я зразумеў, што яму гаварыць пра свой стан не вельмі хочацца, і перавёў размову на іншае. Папытаўся, ці глядзеў ён прэм’еру фільма «Чорны замак Альшанскі».

— Глядзеў. Атрымаўся, як кажа мой сябра Адам Мальдзіс, яшчэ адзін сярэдні. Хоць, можа быць, і вышэй сярэдняга. Нам, аўтарам, заўсёды здаецца, што рэжысёр у параўнанні з літаратурнай асновай у нечым не дацягнуў, нешта не так падаў. А здымаў фільм таленавіты хлопец — Міхаіл Пташук.

Калі мы крыху разгаварыліся, я ўсё ж асцярожна папытаўся, што з ім здарылася, чаму трапіў у рэанімацыю.

— Нейкі шалёны прыступ печані, — ужо больш спакойна адказаў Уладзімір Сямёнавіч. — Ледзь адкачалі. Нават колькі хвілін пабыў на тым свеце.

І вось што я пачуў ад Караткевіча далей. Ён расказаў, што выразна памятае, як раптам апынуўся не то ў нейкім неверагодна прыгожым калідоры, не то ў шырокай трубе і лёгка, бы птушка, паплыў туды, дзе ззяла блакітнае святло. Яно неадольна вабіла, прыцягвала да сябе. А наўкол гучала такая прыемная, боская музыка, што ўся істота проста перапаўнялася асалодаю, невымоўнай радасцю. Але тут раптам нехта ўхапіў за ногі і стаў настойліва цягнуць назад.

— Я супраціўляўся. Мне не хацелася вяртацца. Ад напружання я расплюшчыў вочы і ўбачыў людзей у белых халатах, якія схіліліся нада мною. І пачуў, як нехта з палёгкаю сказаў: «Ну, дзякуй богу! Ачомаўся...»

Уладзімір Сямёнавіч дакурыў цыгарэту і, кінуўшы «пара прымаць лякарства», пайшоў у палату.

Болей з Караткевічам мы не бачыліся. Я неўзабаве выпісаўся з бальніцы і паехаў у Маскву рыхтавацца да абароны кандыдацкай дысертацыі. А Уладзіміра Сямёнавіча, як паведамлялі мне сябры з Мінска, накіравалі на рэабілітацыю ў бальнічна-клінічнае аддзяленне санаторыя «Аксакаўшчына». І нібыта ўсё ішло добра. Караткевіч паправіўся, у канцы чэрвеня прысутнічаў на юбілеі Васіля Быкава. На пачатку ліпеня з’ездзіў на сустрэчу з выпускнікамі Кіеўскага ўніверсітэта. А ў сярэдзіне ліпеня разам з фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым нават выбраўся ў падарожжа на плыце па Прыпяці.

І раптам страшная, аглушальная вестка: падчас падарожжа Уладзіміру Сямёнавічу стала кепска. Яго тэрмінова прывезлі ў Мінск, у бальніцу, дзе ён і памёр.

На развітанне з Караткевічам, на вялікі жаль, я прыехаць не змог. Але гэта, можа, і да лепшага. Уладзімір Сямёнавіч застаўся ў маёй памяці назаўсёды жывым. Такім, якім ён быў на Свіцязі, — бадзёрым, захопленым, рамантычна-ўзнёслым. Якім убачыўся ў бальніцы — засяроджана-думным, самотна-кранальным, разнасцежана шчырым, адкрытым. І нязменна любімым.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Чатыры сустрэчы з Караткевічам

Зіновій Прыгодзіч узгадаў свае сустрэчы з класікам беларускай літаратуры.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение