Кніга Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" прызнана самай папулярнай у 2019 годзе. Міністэрства інфармацыі сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі напярэдадні запачаткавалі праект "Кнігі Беларусі. Год 2019". Мерапрыемства прайшло ў выставачнай зале Нацыянальнай бібліятэкі.
"Найбольш папулярных аўтараў і кнігі вельмі складана выбіраць. Мы ўзялі аналітыку з OZ.by, "Белкнігі", "Саюздруку" аб тым, колькі кніг было куплена, якога аўтара, якая кніга была найбольш запатрабавана ў 2019 годзе, - сказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. - У выніку перамагла кніга Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім", перавыдадзеная выдавецтвам "Папуры". Што вельмі сімвалічна напярэдадні 90-годдзя класіка, якое мы будзем адзначаць у наступным годзе". Такім чынам, можна канстатаваць, што творы Караткевіча аніяк не страцілі сваёй актуальнасці і дагэтуль пашыраюцца сярод беларусаў.
Акрамя таго, у Нацыянальнай бібліятэцы ўручаны дыпломы за выпуск у бягучым годзе самай вялікай колькасці выданняў - па тыражах, па найменнях, за папулярызацыю беларускай мовы, прэзентацыйных выданняў. Арганізатары мерапрыемства і выдавецтвы Беларусі ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" падарылі сюрпрыз Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнату — бібліятэчку дзіцячай літаратуры. Чаму Бялынічы? Бо яны прымуць у 2020 годзе Дзень беларускага пісьменства.