У самым паўночным рэгіёне Беларусі, як можна абагулена назваць Віцебскую вобласць, з рэгулярнасцю б'юцца тэмпературныя рэкорды. Святочныя калядны дзень 25-га снежня зноў прынёс анамальную цеплыню. У Сянне было 6 градусаў, што амаль на градус (!) перавысіла самы цёплы снежаньскі дзень 25-га чысла, які быў у 1980-м, тады было зафіксавана 5,3. У Оршы тэмпературны рэкорд не быў пераўзыйдзены, але паўтораны. За апошнія 40 гадоў назірання самае цёплае 25-га снежня было ў 1980-м — 4,6 градусы, тое самае зафіксавана і цяпер, у 2019-м.
Абсалютны тэмпературны максімум для Беларусі 25-га снежня быў зафіксаваны ў 2017 годзе ў Берасці і Пінску — +9,1 градусы. У бліжэйшыя дні па краіне сіноптыкі абяцаюць снег і мокры снег, падзенне тэмпературы да невялікага марозу альбо 0, а вось 30-га снежня пачнецца новае пацяпленне.