Адкрыццё новага "Еўраопту", які значна большы памерамі за тры крамы той самай фірмы ў суседніх раёнах, не абышлося без праблемаў. Адзначыліся са знакам мінус самыя радыкальныя аматары зніжак. Паглядзець на новую краму прыйшло шмат чалавек, у тым ліку на "штурм" дзвярэй (відэа) адправіліся маці з дзецьмі, нягледзячы на вялікую рызыку таго, што дзеці будуць траўмаваныя ў цісканіне на ўваходзе аскепкам выбітага шкла ці прыціснутыя да сцяны. Натуральна, пры такім скопішчы людзей кантраляваць паводзіны і рухі натоўпу не заўсёды магчыма. Вось і тут атрымалася так, што жадаючых трапіць у краму адначасна аказалася значна больш за прапускную здольнасць дзвярэй. У выніку дзверы былі зламаныя ўжо ў першыя хвіліны працы новай крамы.
Частка людзей, убачыўшы такі натоўп, вырашыла прыйсці ў гэтую краму ў іншы раз. У інтэрнэце шмат каментароў наконт таго, што беларусы хоць і жывуць кепска, але не павінны дазваляць сабе так нізка падаць. Некаторыя людзі гатовыя былі ісці па галавах, каб трапіць у краму. Навіна пра адкрыццё "Еўраопта" і пра цісканіну на ўваходзе разляцелася па ўсіх тэматычных і навінавых старонках у беларускім сегменце інтэрнэту.