У Нарвегіі, Аўстрыі і Швецыі працягваецца чэмпіянат Еўропы па гандболе. Зборная Беларусі, чыя група выступала на аўстрыйскай зямлі, прабілася ў вырашальны раўнд, заняўшы 2-е месца ў квартэце. Аршанец Вячаслаў Салдаценка, асноўны брамнік зборнай краіны, правёў тры якасныя матчы. Першы з іх — з сербамі — стаў бенефісам Вячаслава. 10 з 34 кідкоў сур'ёзнай сербскай зборнай былі адбітыя брамнікам, гэта стала асновай перамогі беларусаў 35:30, а сам Салдаценка атрымаў прыз лепшага гульца паядынку. У другой сустрэчы нашы землякі саступілі Харватыі 23:31, аднак Салдаценка зноў парадаваў працэнтам парыраваных кідкоў — таксама 29%, як і ў матчы з сербамі. У гульні з Чарнагорыяй, якая скончылася пераканаўчай вікторыяй беларусаў 36:27, Салдаценка выступіў не настолькі ўдала, хаця ў шэрагу момантаў прадэманстраваў сваю надзейнасць — 22%.
Усяго за тры матчы па браме Салдаценкі кідалі 87 разоў і 23 кідкі беларус адбіў (26%). А 7-мятровыя пераўтвараюцца ў кашмар для супернікаў беларусаў, паколькі Вячаславу ўдалося парыраваць 45% гандбольных пенальці.
Сёння ў 22:30 турнір для беларусаў працягнецца, гэта будзе першы матч асноўнага раўнду, у суперніках каманда Нямеччыны. Наўпроставы эфір на тэлеканале "Беларусь 5".