Ужо амаль 6 гадоў трывае акупацыя ўкраінскага паўвострава Крым суседняй Расеяй. Не гаворачы доўга пра палітычныя абставіны, пра бязладдзе ва ўкраінскай палітыцы, пра строгі расейскі рэжым, які становіцца ўсё больш жорсткім да іншадумцаў, варта падкрэсліць адну акалічнасць — міжнароднай супольнасцю і абсалютнай большасцю краін свету, у тым ліку Рэспублікай Беларусь Крым нязменна прызнаецца тэрыторыяй Украіны. Часта дадаюць яшчэ азначэньне "паўвостраў пад часовай акупацыяй". Расейскай тэрыторыяй Крым прызналі лічаныя краіны, ды і тое пераважна з дыктатарскім альбо цалкам залежным ад Крамля рэжымам на чале — Афганістан, Куба, Нікарагуа, Паўночная Карэя, Сірыя, Венесуэла, ну і, уласна, сама Расея.
Аднак бізнес-дзялкі, вычакаўшы пэўны час, зноў пачалі прапаноўваць паездкі ў Крым грамадзянам іншых краін. У прыватнасці і нашай краіны — Беларусі. Займаюцца гэтым і беларускія фірмы. У прыватнасці, аршанская турыстычная агенцыя "Аватар". Хаця, паводле заканадаўства Украіны, асоба, якая наведала анэксаваны Крым без апавяшчэння ўкраінскіх дзяржаўных органаў, што за гэта адказваюць, можа быць пазбаўлена права ўезду на тэрыторыю мацерыковай Украіны. І такія выпадкі ўжо былі. Дзяржаўная памежная служба Украіны не спіць, уважліва адсочвае, хто заязджаў на тэрыторыю Крыма. Ужо шэраг грамадзян Беларусі маюць шматгадовую забарону на ўезд ва Украіну. Фіксаваліся нават выпадкі, калі хтосьці прылятаў у Крым на самалёце праз расейскі аэрапорт, а затым спрабаваў трапіць з Крыма на мацерыковую Украіну, па сухапутнай мяжы. І атрымліваў штамп у пашпарце пра забарону. Вымушаны быў вяртацца ў Беларусь праз тэрыторыю Расеі, губляючы грошы ды нервы.
Кампаніі, якія запрашаюць у Крым, вядома, карыстаюцца адзіным даступным спосабам трапіць туды — перавозкі праз тэрыторыю Расеі. Але свядома не папярэджваюць аб тым, якія наступствы могуць чакаць беларуса пры спробе ўезду ва Украіну. Напярэдадні ў сацыяльных сетках, у прыватнасці "Укантакце" зноў з'явіліся абвесткі пра адпачынак у Крыме. Маршрут з Оршы ў Феадосію і Судак, затым вяртанне ў Оршу. Натуральна, праз тэрыторыю Расеі. Даюцца і нумары, па якіх можна замаўляць паездкі. 50-50-50, 8(029)506-88-33 мтс (Вайбер).
Часам падобныя навіны ў СМІ ўспрымаюцца як рэклама нелегальных паслуг. Аднак насамрэч гэта папярэджанне беларусам, якія тым самым могуць знайсці сабе праблемы. Шэрагу такіх прадпрымальнікаў і без таго забаронены ўезд ва Украіну, а цяпер, каб зарабіць болей грошай, яны штурхаюць беларускіх грамадзян на парушэнне заканадаўства Украіны. Дзясяткі беларусаў, паддаўшыся на прапановы лёгкага і таннага адпачынку ў Крыме, паехалі туды па старой звычцы, не ўлічыўшы новых абставінаў. І цяпер не могуць трапіць да сваякоў у неакупаваныя часткі Украіны. Такія людзі ёсць і ў Оршы, для каго і створана дадзеная рэклама. Вядома ж, каб не згубіць кліентуру, нядобрасумленныя прадпрымальнікі не пішуць, што такі адпачынак у Крыме парушае заканадаўства Украіны. А штамп пра забарону ўезду ва Украіну цяпер можа каштаваць і паездкі ў Еўразвяз, з якім з нядаўняй пары мае ўгоду Украіна.