00:00

-0

6 м/с

971 гПа

03:00

-0

8 м/с

974 гПа

06:00

-1

7 м/с

976 гПа

09:00

-2

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

Беларусь, Палітыка

Хто адзіны кандыдат?

05.02.2020 16:30

2962 прагляду, 78 каментароў

А каго вы прапанавалі б адзіным кандыдатам у прэзідэнты? Адказвайце ў нашым новым апытанні

У Беларусі паступова набірае абароты перадвыбарчая кампанія. Некаторыя аналітыкі ўжо гаварылі, што паездка Лукашэнкі ў Шклоў - гэта пачатак яго перадвыбарчай кампаніі. Не адстаюць і дэмакраты - некалькі партыяў аб'ядналіся ў чарговы тактычны саюз для выбараў адзінага альтэрнатыўнага кандыдата. Абвяшчалі пра планы вылучацца на пасаду прэзідэнта і асобныя кіраўнікі грамадскіх арганізацый ды партый, якія не ўвайшлі ў новую кааліцыю. Выбары адзінага кандыдата ўжо пачаліся - як пра магчымага адзінага ад апазіцыі заявіў пра сябе Юрась Губарэвіч, на падыходзе Павал Севярынец ды магчымыя іншыя кандыдаты. Публіна абвесцілі пра свае намеры і іншыя кандыдаты, напрыклад, Аляксандар Ярашук пачаў кампанію з таго, што памыў падлогу ва ўласным пад'ездзе - гэткая пі-ар акцыя. Прапануем і вам падумаць хто мог бы быць дэмакратычнай альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку. Прагаласаваць за патэнцыйных кандыдатаў можна на галоўнай старонцы нашага сайту. У апытанне мы свядома не ўносілі прозвішча самога Лукашэнка, бо гаворка ідзе менавіта пра альтэрнатыўнага кандыдата.

Калі ж вашага кандыдата ў нашым спісе няма, то дадайце яго ў каментарах да гэтага артыкула або ўвогуле выкажыце сваё стаўленне да бліжэйшых выбараў.

Першы кандыдат якога мы паставілі ў спіс варыянтаў адказу - Юрась Губарэвіч. Ён першы падаў заяўку на ўдзел у працэдуры вызначэння адзінага кандыдата. Гэта дэмакратычны палітык з новай генерацыі. Ён з так званага пакалення 1996 - тыя маладыя людзі, якія прыйшлі ў палітыку на хвалі вулічных пратэстаў таго году. Пачынаў сваю актыўнасць з Маладога Фронту і Партыі БНФ, сябрам якой і зараз з'яўляецца. Але з цягам часу стаў адным са стваральнікаў Руху "За свабоду", а пасля сыходу з палітыкі Аляксандра Мілінкевіча сам узначаліў гэты рух. У Губарэвіча дзве вышэйшыя адукацыі: БНТУ і інстытут дзяржаўнага кіравання ў Львове. Першая вялікая вядомасць да Губарэвіча як да палітыка прыйшла ў пачатку 2000-х гадоў. Тады ён жыў у родным Белаазёрску (Брэсцкая вобласць) і пад час мясцовых выбараў вакол яго згуртавалася вялікая колькасць прыхільнікаў дэмакратыі. Вялікая мясцоваая кааліцыя тады пайшла на мясцовыя выбары і змагла заняць большасць месцаў у мясцовым Савеце. Губарэвіч, як лідар гэтай кааліцыі стаў намеснікам старшыні Савета дэпутатаў. Мог бы стаць і старшынём, але дэмакраты пайшлі на кампраміс. Кампраміс не дапамог і Лукашэнка распусціў адзіны ў краіне мясцовы Савет дэмакратычнага складу.

Другі кандыдат - Павал Севярынец. Ён яшчэ афіцыйна не падаў дакуманты на ўдзеле ў працэдуры выбрання адзінага кандыдата, але гэта толькі пытанне часу. Ён ужо раздае інтэрв'ю як патэнцыйны адзіны. аналітыкі менавіта яму аддаюць перавагу ў праймерыз. Больш за тое ў яго падтрымку выказваліся Партыя БНФ і Мікалай Статкевіч. Павал афіцыйна нарадзіўся ў Оршы (паводле сямейнай гісторыі нарадзіўся ён у вёсцы пагост пад Оршай, бо там тады жылі ягоныя бацькі), палітычную актыўнасць таксама пачаў пад час акцыяў пратэсту 1996 года. Прыйшоўшы ў Партыю БНФ Павал стаў адным са стваральнікаў Маладога Фронту (на той момант моладзевая структура партыі) і шматгадовым лідарам МФ. З цягам часу ідэалогія Паўла ўсё больш разыходзілася з ідэалогіяй БНФ - Павал больш кансэрватыўны чым права-цэнтрысцкая і даволі ліберальная ПБНФ да таго ж вельмі рэлігійны чалавек. У выніку ён абвесціў пра стварэнне сваёй партыі - Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі. Партыя хутка вырасла, хаця так і не атрымала рэгістрацыі. Паўла часта называюць "вулічным палітыкам", бо ён зачастую становіцца лідарам вулічных пратэстаў. Зараз ён, магчыма, на піку сваёй палітычнай папулярнасці за кошт таго, што ўзначаліў пратэсты супраць "паглыбленай інтэграцыі" ў канцы мінулага года.

Мікалай Статкевіч - яшчэ адзін вулічны палітык, які за акцыі пратэсту шмат адседзеў у турме і зараз мае не пагашаную судзімасць. Статкевіч - сацыял-дэмакрат канца 80-х - пачатку 90-х. Ён прыйшоў у палітыку яшчэ будучы афіцэрам, а пазней узначаліў сацыял-дэмакратычную партыю. Пад час кіравання Статкевіча партыяй сярод сацыял-дэмакратаў адбыўся раскол. І Статкевіч узначаліў створану ім "народную грамаду". Зараз цяжка сказаць ці існуе гэтая партыя, бо за час турэмных зняволенняў палітыка, партыйным будаўніцтвам займацца не было каму. А рэгістрацыю БСДП (НГ) так і не атрымала.

Алена Анісім - старшыня Таварыства беларускай мовы і былая дэпутатка парламента. Яна рэгулярна заяўляе пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, але бліжэй да выбараў бярэ самаадвод сваё кандыдатуры. Так атрымалас яі зараз. Яшчэ паўгады таму Анісім гаварыла, што можа стаць альтэрнатывай Лукашэнку, але літаральна пару тыдняў таму заявіла, што не будзе вылучацца. Тым не меньш, Анісім мае сваіх прыхільнікаў сярод актывістаў дэмакратычнага руху і таму мы пакідаем яе прозвішча ў спісе.

Аляксандар Ярашук таксама ўжо заяўляў пра свае амбіцыі, а потым "зліваўся" па розных прычынах. На гэтыя выбары ён зноў абвесціў пра жаданне стаць кандыдатам у прэзідэнты і сваю заяву аздобіў цікавай акцыяй - вымыў лесвіцу ў пад'ездзе ў якім жыве. Ярашук мала займаецца палітыкай - ён старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, але плануе вылучацца без прывязцы да гэтай арганізацыі, каб не падставіць яе пад чарговыя рэапрэсіі. У выбарах адзінага кандыдата ён удзельнічаць не будзе і плануе вылучацца самастойна.

Мікалай Казлоў - адна з самых новых персонаў у беларускай палітыцы. Мікалай служыў у міліцыі і мала цікавіўся палітыкай да тае пары як на ўласныя вочы не пабачыў падмену бюлетэняў пад час выбараў. Як афіцэр міліцыі ён паспрабаваў прыцягнуць фальсіфікатараў да крымінальнай адказнасці, але замест пакарання фальсіфікатараў, сам страціў службу. З тае пары Казлоў актыўны ўдзельнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі, а з цягам часу стаў яе кіраўніком.

Аляксей Янукевіч - таксама з пакалення 1996, таксама ўдзельнік Маладога Фронту і Партыі БНФ, але ў адрозненні ад Севярынца і Губарэвіча застаўся верным партыі і некаторы час узначальваў яе. У палітычных кулуарах, нават, пагаворваць, што менавіта ён кіруе ПБНФ, хаця афіцыйна сыйшоў з пасады старшыні, бо Партыя прыняла на з'ездзе абмежаванне ў два тэрміны для кіраўніка. Янукевіч даўно заяўляў пра магчымае сваё вылучэнне адзіным кандыдатам, але партыя доўга вагалася ці далучыцца да працэдуры выбараў адзінага ці ісці самастойна. У выніку партыя далучылася да працэдуры, але замест вылучэння Янукевіча як аднаго з магчымых кандыдатаў, падтрымала Севярынца. Тым не меньш пра тое, што Аляксей усё ж можа падаць дакуманты на ўдзел сваёй кандыдатуры ў працэдуры праймерыз усё яшчэ гавораць.

Вольга Кавалькова - сустаршыня БХД. У Беларускай хрысціянскай дэмакратыі няма адзінага старшыні. Па-сутнасці лідар гэтай партыі Севярынец, але ён мае сустаршыняў таксама са сваімі паўнамоцтвамі. Адна з іх - Вольга Кавалькова - абвесціла пра тое, што таксама будзе вылучацца як магчымы адзіны кандыдат. але падтрымку ўнутры партыі не знайшла. Пра адмову ад амбіцыяў Вольга не абвяшчала, але без падтрымкі партыі не зразумела ці мае яна хоць нейкія шансы на поспех.

Кандыдат ад "гавары праўду". З моманту стварэння кммпаніі "Гавары праўду", яна на кожныя прэзідэнцкія выбары вылучае свайго кандыдата. На мінулых выбарах, практычна, гэтая кампанія адзіная хто змаглі давесці свайго кандыдата (Таццяну Караткевіч) да фіналу выбараў. Вылучаць свайго кандыдата кампанія плануе і ў гэты раз, але прозвішча яго пакуль не абвяшчаецца. Больш за тое кампанія не будзе ўдзельнічаць у працэдуры вызначэння адзінага, але плануе пайсці сваім шляхам, які будзе падкрэслена цэнтрысцкім - кампанія не будзе рэзка крытыкаваць Лукашэнку, не будзе канкураваць з іншымі кандыдатамі, а чарговы раз будзе агітаваць за "Мірныя перамены".

Кандыдат ад БСДП(Г). Сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) можа вылучыць свайго кандыдата - партыя апошнім часам перажывае некаторы рост за кошт прыходу новага маладога кіраўніка Ігара Барысава. Хаця партыя не абвяшчала пра вылучэнне нейкай канкрэтнай персоны, але мае на гэта права як сябра кааліцыі права-цэнтрыстаў, якая і абвесціла пра вязначэнне адзінага кандыдата. Больш за тое ў хуткім часе партыя мусіць правесці свой з'езд ,які можа і вылучыць нейкую кандыдатуру.

Сяргей Чэрачэнь - зусім новае імя ў палітыцы. Ён быў сябрам праўладнай камуністычнай партыі, а потым рэзка перайшоў у Сацыяль-дэмакратычну грамаду Станіслава Шушкевіча. Не прайшло і года яго ўдзелу ў гэтай партыі, як ён стаў заўважнай персонай, намеснікам старшыні, а потым і замяніў Шушкевіча на пасадзе старшыні партыі. Сам ён гаворыць, што ідзе на выбары, каб набрацца досведу і прарэкламаваць партыю і вылучацца будзе самасойна. Праўда пакуль не ўсё зразумела з палітычнай платформай гэтага магчымага кандыдата, а ў рэгіёнах партыя амаль цалкам развалена і дзе ён зможа набраць актыў для збору подпісаў - не зразумела.

Алег Гайдукевіч. Канешне, сям'ю Гайдукевічаў назваць дэмакратамі цяжкавата. Самі яны спрабуюць сябе і сваю Ліберал-дэмакратычную партыю пазіцыянаваць як "канструктыўную апазіцыю", але на практыцы пастаянна падыгрываюць уладам. Алег таксама даволі новая асоба ў палітыцы і партыю ён атрымаў у спадчыну ад бацькі Сяргея Гайдукевича, які больш за дваццаць год кіраваў ёй. Тым не меньш, ЛДПБ чарговы раз будзе вылучаць свайго кандыдата і на гэты раз ім будзе Гайдукевіч малодшы, таму гаворым і пра яго як пра альтэрнатыву сёняшняму прэзідэнту.

Толькі Байкот!!! - адна з пазіцыяў у дэмакратычных руху, якая мае сваіх пастаянных прыхільнікаў (а апошнім часам яшчэ і атрымала новых). Яе ў свой час абвесціў Зянон Пазняк і да гэтае пары яго прыхільнікі прытрымліваюцца пазіцыі "актыўнага байкоту", то бок, не толькі не ідуць на выбары, але заклікаюць грамадзян не ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах, каб не легалізаваць выбары. Гэтая пазіцыя даволі зручная для ўсіх, тым больш, што людзей на выбары і без таго ходзіць усё меньш.

Як бачыце, у новым апытанні вялікі выбар варыянтаў адказу. Ёсць з чаго выбраць, дык выбірайце!

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: Хто адзіны кандыдат?

А каго вы прапанавалі б адзіным кандыдатам у прэзідэнты? Адказвайце ў нашым новым апытанні

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение