Чыноўніка Аляксандра Снарава затрымалі, калі ён узначальваў Шумілінскі райвыканкам. Яго абвінавачвалі ў злачынствах, прадугледжаных адразу пяццю артыкуламі крымінальнага кодэксу: ва ўхіленні ад пагашэння крэдыту (артыкул 242), злоўжыванні ўладай (частка 2 артыкула 424), перавышэнні ўлады асобай, якая займае адказную пасаду (частка 3 артыкула 426), службовы падлог з мэтай скажэння дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці (частка 2 артыкула 427) і атрыманні хабару паўторна або ў буйным памеры (частка 2 артыкула 430). Частка гэтых злачынстваў па матэрыялах следства, была здзейсненая Снаравым на пасадзе старшыні райвыканкама, іншая частка ў той час, калі ён яшчэ ўзначальваў ў Лёзненскім раёне калгас «Крынкі».
Ад абвінавачвання ў атрыманні хабару падчас суда адмовіўся сам пракурор, а па астатніх артыкулах Віцебскі абласны суд прызнаў Снарава вінаватым. Былы чыноўнік сваёй віны не прызнаў.
Па сукупнасці яго асудзілі на 4,5 года пазбаўлення волі і 5-гадовай забароны займаць кіроўчыя пасады. Аляксандра Снарава ўзялі пад варту прама ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду. Адбываць тэрмін ён будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зрэшты, прысуд суда яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым законам парадку.