Віцебскі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр Якуба Коласа 10-га сакавіка прыедзе ў Оршу з вядомым спектаклем, прэм'ера якога адбылася летась. Назва — "Мая жонка — падманшчыца". Калектыў коласаўскага тэатра распавёў, вакол чаго закручваецца сюжэт.
Уільям Гарысан – добры, надзейны муж, які марыць займець дзіця. І самы вялікі ягоны недахоп – нястрымнае пачуццё рэўнасці. Ягоная жонка Кэці думае толькі пра забавы і бесклапотнае жыццё і аднойчы ўтойвае ад мужа, што снедала ў рэстаране з сябрам сям’і Джымі Скотам. Уільям мог бы не заўважыць такую дробязь, але ж Кэці хлусіць яму пастаянна. Пасля чарговага скандалу муж сыходзіць з дому. Каб вярнуць каханага, Кэці вырашаецца на грандыёзны падман, падказаны сяброўкай Мэджы Скот…
Вядома, авантурная камедыя становішчаў скончыцца хэпі-эндам. А перад гэтым героі вымушаны не адзін раз сур’ёзна панервавацца, разблытаць сетку недаказанасцяў, смела прайсці праз недарэчныя абставіны. І ў рэшце рэшт зразумець, што гарманічныя сямейныя адносіны будуюцца не толькі на моцным каханні, але і на даверы.
Спектакль пройдзе 10-га сакавіка ў Гарадскім цэнтры культуры Оршы. Пачатак а 18:00.
Іншыя падзеі Аршаншчыны публікуюцца ў Афішы мерапрыемстваў. Запрашаем!