Папярэдне на 26 сакавіка запланаваны канцэрт скандальна вядомага падтрымкай пуцінскай экспансіі ва Украіну Віктара Каліны. Народжаны беларус нямала хваліўся ў інтэрнэце тым, што ён "рускі", атрымлівачы ўхвалу адыёзных прыхільнікаў імперыі. Каліна абвяргае некаторыя паведамленні, якія асацыююцца з ім у сацыяльных сетках. У прыватнасці, заявіў, што старонкі, з якіх пісалася пра "адсечаныя сапёрнай рыдлёўкай бандэраўскія вушы" і маты ў адрас праціўнікаў ягоных канцэртаў рассылаў не ён. У абсалютнай большасці сваіх зваротаў адносна магчымых забаронаў канцэрту Каліна жаліцца Лукашэнку, называючы яго выдатным кіраўніком і прызнаючыся, што галасаваў за яго ў 1994-м.
Аднак, судзячы па тым, што на сайце Каліны ў афішы адносна канцэрту ў Оршы 26 сакавіка не прастаўлены кошт квіткоў, а таксама час пачатку, можна меркаваць, што канцэрт шансанье зноў можа апынуцца пад забаронай. Музыка піша на ўласных афішах, што ён "народный исполнитель душевной песни в Беларуси, один из самых почитаемых шансонье в России, обладатель незабываемого, очень сильного и по настоящему мужского голоса", з маркерам "16+" (відаць, з-за асаблівай стылістыкі і лексікі тэкстаў). Апошні канцэрт у Оршы Каліна даў у кастрычніку 2017 года, прычым на яго купілі толькі 160 квіткоў. Канцэрт прайшоў у атмасферы патрабаванняў грамадскасці адмяніць выступленне, паколькі Каліна, на думку праціўнікаў канцэрту, выступае за ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі, а таксама падтрымлівае сепаратыстаў так званых ЛНР і ДНР, выступаючы супраць тэрытарыяльнай цэласці Украіны. Праўда, у наступных сваіх зваротах пры згадцы Лукашэнкі Каліна неаднаразова падкрэсліваў, што выступае за незалежнасць Беларусі. Праціўнікаў сваіх канцэртаў ён не саромеецца называць "фашыстамі", "бандэраўцамі", "нацыяналістамі" і іншымі словамі.
Пасля канцэрту ў 2017 годзе, які, нягледзячы на скандал, усё ж удалося правесці ў амаль пустой залі, Каліна раз'юшыўся, напісаўшы ў сацыяльных сетках, што ўлады Оршы рабілі ўсё магчымае дзеля адмены канцэрту. У тым ліку намякаў на Ганну Святлову, не называючы часта яе імя. Маўляў, яна выступала за адмену канцэрту і нібыта салідарызавалася з "апазіцыянерамі". Сітуацыя выглядае камічнай, паколькі менавіта Святлову прабеларуская грамадскасць Оршы суадносіла з частымі правядзеннямі адкрыта прарасейскіх канцэртаў у горадзе.
Цяпер, у пачатку 2020 Каліна прадпрымае яшчэ адну спробу выступіць у Оршы. Яго не палохае нават пэўная паніка на ўдзел у масавых мерапрыемствах пасля эпідэміі каранавірусу ў свеце. Напярэдадні праваліўся ягоны канцэрт у Докшыцах — гараджане проста не купілі на ягоны выступ ніводнага квітка. Зрэшты, невядома, ці было гэта панікай з-за каранавірусу або ацэнкай творчасці і палітычных поглядаў спевака.