Курсіраванне пасажырскіх цягнікоў паміж Расіяй і Беларуссю пасля закрыцця межаў захоўваецца, паведамілі ў РЖД. Усе цягнікі па-ранейшаму прытрымліваюцца дзейснага графіку, аднак з сённяшняга дня, 18 сакавіка, перасекчы мяжу могуць толькі грамадзяне Расеі. Расея стала апошнім суседам Беларусі, які зачыніў межы. Раней гэта зрабілі па парадку Украіна, Польшча, Латвія і Літва.
Раней у аўторак Беларуская чыгунка паведаміла, што міжнародныя пасажырскія цягнікі ў зносінах з Расеяй будуць ажыццяўляць перавозкі пасажыраў у поўным аб'ёме да 19 сакавіка. Пра змены ў графіку руху міжнародных пасажырскіх цягнікоў у спалучэнні Беларусь — Расея пасля 00:00 гадзіны 19 сакавіка і парадку вяртання праязных дакументаў будзе напісана дадаткова, гаварылася ў паведамленні Беларускай чыгункі.
І сёння гэтае паведамленне сапраўды з'явілася. З 18 сакавіка беларускія цягнікі ў расейскім напрамку будуць хадзіць толькі да апошняй станцыі на тэрыторыі Беларусі.
Цягнікі №6641 / 6644, №6643 / 6646 Віцебск — Рудня — Віцебск будуць хадзіць толькі да Завольшы.
Цягнікі №6184 / 6183, №6186 / 6185 Орша — Красное — Ворша — толькі да Асінаўкі.
Цягнікі №6545 / 6546 Крычаў — Сураж — Крычаў — да станцыі Бялынкавічы.
Нявыкарыстаныя квіткі на прыгранічныя цягнікі можна будзе вярнуць у касах за поўны кошт. Тэрміны вяртання праязных дакументаў не абмежаваныя.