Гарадскія ўлады ўжо чацьвёрты год абяцаюць ўсталяваць у абласным цэнтры помнік князю Альгерду – славутаму дзеячу ВКЛ, падчас кіравання якога сярэднявечны Віцебск дасягнуў найвышэйшага росквіту. Апошняе абяцанне гарвыканкаму – усталяваць помнік 27 чэрвеня, а праз месяц, 27 ліпеня, актывісты хочуць правесці каля яго масавую акцыю.
Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар па Віцебскай вобласці ПАГА «Рух« За Свабоду », Аляксей Гаўруцікаў - давераная асоба колішняга кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, а цяпер палітвязня Статкевіча Мікалая Віктаравіча, Ян Дзяржаўцаў, сябра КХП БНФ,і Канстанцін Смолікаў, намеснік Віцебскай абласной рады Партыі БНФ падалі заяву ў Віцебскі гарвыканкам аб правядзенні вулічнага шэсця і мітынга. Імпрэзы запланаваныя на 27 ліпеня, і шэсце арганізатары хацелі б распачаць ад помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які гарадскія ўлады ўжо паабяцалі паставіць насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы. Канцавы пункт шэсця - парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе ў раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі і з 13:00 да 14:30 плануецца правесці мітынг.
Мэта масавага мерапрыемства, паводле словаў аднаго з заяўнікаў Аляксея Гаўруцікава, гэта аб'яднанне грамадзян для адстойвання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. А таксама падтрымка рашэння гарадскіх уладаў аб усталяванні ў Віцебску помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду.
Заяўка была пададзена 18 чэрвня, калі ўжо прагучала чарговае абяцанне ўсталяваць гэты помнік у Дзень горада. Ён адзначаецца 27 чэрвеня, адкрыццё помніка значыцца ў афішы святкаванняў, але дасюль не відаць прыкмет падрыхтоўкі да ўсталявання коннай скаульптуры князя. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яна ўжо гатовая. Аднак пастамент, падрыхтаваны некалькі гадоў таму, так і стаіць пусты.
Сітуацыя з усталяваннем помніка складаная. Конкурс на лепшую выяву князя Альгерда прайшоў 4 гады таму, быў абраны пераможца – віцебскі скульптар Валеры Магучы. Але цяпер высветлілася, што да ўсталявання падрыхтавана скульптура іншага творцы – мінскага скульптара Сяргея Бандарэнкі. Чаму так адбылося, гараджанам не патлумачылі. Між тым жыхары Віцебску неабыякавыя да ўсталявання гэтага манументу: шмат хто з гараджан удзельнічаў у грамадскім абмеркаванні праектаў і ў спрэчках, якія нечакана разгарнуліся вакол пытання, ці трэба такі помнік увогуле. У горадзе, дый увогуле ў Беларусі ёсць нямала праціўнікаў гэтай ідэі, якія лічаць, што палітыка князя Альгерда была антырасійскай, а таму помніка ён не варты. Прычым тыя, хто супраць, актыўна пішуць лісты ў розныя інстанцыі, аж да Адміністрацыі Прэзідэнта, патрабуючы адмяніць рашэнне Віцебскага гарвыканкама аб ушанаванні ў горадзе памяці пра гэтага дзеяча. Гэтыя скаргі, падобна, замаруджваюць ажыццяўленне праекта, які падтрымлівае большасць гараджан. Таму і паўстала пытанне пра выказванне падтрымкі ініцыятывы па ўсталяванні помніка віцебскаму князю, лічаць арганізатары акцый.
Цяпер яны чакаюць адказу ад уладаў наконт шэсця ад пакуль што не ўсталяванага помніка.