Упраўленьнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека зарэгістраваны зварот у КПЧ жыхара вёскі Буяны Віцебскага раёну Леаніда Здрэстава. Актывіст вымушаны быў зьвярнуцца ў міжнародны орган па абарону пасьля таго, як улады адмовілі яму ў дазволе на правядзеньне пікету, а ўсе судовыя інстанцыі, у якіх ён спрабаваў быў абскардзіць гэтую адмову, – ад Кастрычніцкага райсуду Віцебску да Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь – сталі на бок уладаў.
Мэта пікету, які ў выніку забароны ўладамі Леанід Здрэстаў так і ня зладзіў: інфармаваньне жыхароў Віцебскай вобласьці пра сыстэматычныя парушэньні дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі Рэспублікі Беларусь яго правоў і законных інтарэсаў. Пікет быў забаронены намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Віктарам Галанавым на той падставе, што арганізатар пікету не заключыў дамоваў са службай ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай, тым самым ня выканаўшы патрабаваньняў рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску».
Варта адзначыць, што ў пікеце мусіў браць удзел толькі адзін чалавек. Леанід Здрэстаў перакананы, што такое адзіночнае пікетаваньне паводле свайго практычнага і юрыдычнага сэнсу ніяк ня можа ўважацца за масавае мерапрыемства, таму адмова яму ў правядзеньні акцыі на падставе заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – гэта бязглуздзіца. Тым ня менш беларускія суды гэтага аргумэнту не пачулі.
Леанід Здрэстаў – ня першы жыхар Віцебшчыны, якому мясцовыя ўлады забаранілі пікет, які ня змог адстаяць свае правы ў судох і які ў выніку зьвярнуўся ў Камітэт ААН па правох чалавека. Як правіла, КПЧ у такіх выпадках падтрымлівае заяўнікаў і прызнае, што ўлады парушылі іх правы на распаўсюд інфармацыі і публічнае выказваньне сваіх меркаваньняў. У сваіх рашэньнях па гэткіх справах КПЧ зьвяртае ўвагу ўладаў Беларусі на неабходнасьць прыняцьця мераў па недапушчэньні такіх парушэньняў правоў чалавека ў будучыні.
Аднак у кабінэтах беларускіх начальнікаў зважаць на рашэньні КПЧ не сьпяшаюцца. Рашэньне Віцебскага гарвыканкаму, спасылаючыся на якое за амаль пяць гадоў мясцовыя ўлады не дазволілі ў Віцебску ніводнай акцыі апазыцыянэраў і грамадзкіх актывістаў, скасоўваць, здаецца, ніхто не зьбіраецца. Як ніхто не зьбіраецца нешта мяняць і ў законе «Аб масавых мерапрыемствах», які дае права мясцовым уладам на ўласны одум забараняць грамадзянам ладзіць мірныя акцыі і публічна выказваць свае меркаваньні, што несумяшчальна з прынцыпамі дэмакратыі.