Гэта ідэя прыйшла, калі многія школьнікі пайшлі на самаізаляцыю. Дыстанцыйнае навучанне па асноўных прадметах хоць у нейкім выглядзе было наладжана, але "Оршазнаўства" выкладалася факультатыўна і, відавочна, што ў такой сітуацыі яно не было ў прыярытэтах.
"Оршазнаўства" – унікальны прадмет, і ў самым пачатку свайго ўвядзення выклікаў гонар адукацыйнай сістэмы горада. "Звяз" таксама сыграў у яго ўвядзенні не апошнюю ролю. Першы падручнік па прадмеце выходзіў пад тэхнічным рэдактарствам Алеся Шутава, які і стварыў Аршанскае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Звяз" ды доўга яго ўзначальваў.
Работа над ролікам ужо распачалася супольна з Асамблеяй няўрадавых дэмакрытычных арганізацый у рамках кампаніі "Зробім лепш 2020". Да канца чэрвеня плануецца, што свет пабачыць першы ролік прысвечаны геалогіі Аршанскага раёна. Наступныя ролікі арганізатары плануць выпускаць па меры знаходжання рэсурсаў, не выключана, што збіраць іх будуць праз краўндфаўндынгавыя платформы і ахвяраванні. Увогуле плануецца, што ўвесь курс "Оршазнаўства" ляжа на відэа ў той жа структуры ў якой складзена сёняшняя праграма.
Верагодней за ўсё, падручнік гэтыя ролікі не заменяць – сцэнарысты спрасцілі тэкст, выкінулі з яго цяжказапамінальныя лічбы і не самыя важныя прафесійныя тэрміны. Не заменіць відэа і жывога настаўніка, які зможа адказаць на пытанні вучняў, бо весці відэа-урокі будзе не жывы чалавек, а мульцяшны вожык.
Ролік па Воршазнаўстве будзе зроблены ў межах кампаніі “Зробім лепш”, якая адбываецца пры падтрымцы Асамблеі НДА