Следчы камітэт апублікаваў падрабязнасці аварыі пад Оршай, у якой загінулі два чалавекі. Здарэнне адбылося 27 жніўня. Трагедыя адбылася каля 15 гадзін непадалёк ад вёскі Міцькаўшчына, на 5-м кіламетры аўтадарогі Андрэеўшчына - мяжа Дубровенскага раёна. Кіроўца 1973 году нараджэння на аўтамабілі Volkswagen Passat B3 не справіўся з кіраваннем, урэзаўся ў аўтобусны прыпынак і з'ехаў у кювет. У выніку дарожна-транспартнага здарэння 32-гадовы і 41-гадовы пасажыры легкавіка памерлі на месцы здарэння ад атрыманых пашкоджанняў. Кіроўца і яшчэ двое пасажыраў ва ўзросце 29 і 30 гадоў былі шпіталізаваны з траўмамі рознай ступені цяжкасці.
Па дадзеных Следчага камітэта, вінаваты ў аварыі ў той момант быў п'яны: па выніках медыцынскага агляду, у выдыханым ім паветры зафіксавана 3,1 праміле алкаголю. У дачыненні да кіроўцы «Пасата» распачата крымінальная справа па ч. 5 арт. 317 Крымінальнага кодэкса. Яго вінавацяць у парушэнні ПДР або эксплуатацыі транспартнага сродку ў стане алкагольнага ап'янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек. Мужчына затрыманы і дапытаны. Для ўстанаўлення ўсіх абставінаў следчыя шукаюць сведкаў гэтай трагічнай аварыі. Тых, хто валодае дадзенай інфармацыяй або маюць запісы з відэарэгістратараў, просяць патэлефанаваць на тэлефон аператыўна-дзяжурнай службы УСК па Віцебскай вобласці +375 (33) 399-80-44 (кругласутачна).
У такім становішчы заўсёды хочацца спытаць не толькі з кіроўцы, але і з пасажыраў — навошта сядаць у аўтамабіль, якім кіруе п'яны?