Цяперашнія ўлады Беларусі ўпарта ігнаруюць усё нацыянальнае, у тым ліку фестываль з нацыянальнай адметнасцю і сам Дзень беларускай вайсковай славы, які адзначаецца 8 верасня. Беларускія патрыёты, зрэшты, даўно ведаюць, што пры Лукашэнку і ягоным кіраванні тэма "Оршы 1514" ніколі не набудзе сілы, а на ўзровень дзяржаўнага свята дзень выйдзе толькі пры новай уладзе. На Крапівенскім полі сёлета адбыўся традыцыйны фэст "Аршанская бітва" з шэрагам вядомых гасцей. Нават неафіцыйны статус зусім не замінае арганізатарам радаваць людзей музыкай і ўсяляць дух беларускага патрыятызму ў гасцей фэсту. А вось у суседняй Літве адзначэнне 8 верасня праходзіць з размахам. Там гэты дзень называецца па-іншаму, але асноўная тэма ўсё тая ж — перамога ў Аршанскай бітве 1514 года.
Сёлета ў святкаванні на Саборнай плошчы колішняй сталіцы ВКЛ ўдзельнічалі аркестр узброеных сіл Літвы, Юста Арлаўскайтэ-Джаз і Марыёнас Мікутавічус. Кіраўнік — Эдмундас Якілайціс. Тэлеканал LRT у жывой трансляцыі паказваў святкаванне на Саборнай плошчы Вільні. Свята называлася "Orša 1514. Už bendrą pergalę" (Ворша 1514. За супольную перамогу), а на эмблеме былі сцягі Вялікага княства, Беларусі, Польшчы і Украіны, дзе патрыёты таксама шануюць Вялікую перамогу. Як напісала Міністэрства абароны Літвы, у імпрэзе прынялі ўдзел Камандуючы ўзброенымі сіламі Літвы генерал Вальдэмарас Рупшыс, паслы Польшчы і Украіны Уршуля Дарашэўская і Уладзімір Яцэнкіўскі, генеральная дырэктарка радыётэлевізійнай кампаніі LRT Моніка Гарбачаўскайтэ-Будрыенэ.
"Бітва пад Оршай нагадвае нам, што пераможца часта вызначаецца не колькасцю, а якасцю. Я бачу тое самае і сёння: узброеныя сілы Літвы імкліва ўкараняюць тэхналагічныя інавацыі ў войску і пастаянна ўдасканальваюцца. Несумненна, мы ведаем, як змагацца, можам перамагчы і ў нас ёсць упэўненасць", - сказаў камандуючы Узброенымі сіламі Літвы Рупшыс.
На Саборнай плошчы жыхары Вільні і госці горада назіралі за цырымоніяй перадачы сцяга літоўскіх жаўнераў, які потым залунаў над Палацам князёў. Салдаты аркестра Літоўскай арміі і Ганаровай гвардыі штабнага батальёна імя Вялікага князя Літвы Гедыміна выступілі з дэфіле-праграмай на песню "On fire" групы "The Roop", адзначыўшы гістарычную перамогу і адзінства чатырох нацый. У завяршэнні мерапрыемства неба было асветлена эфектным феерверкам.