Талент Зьміцера Дзядзенка праявіўя яшчэ ў школьным узросце ў Оршы калі ён апублікаваўся ў «Аршанскай газеце». Але цяпер ён вырас ужо ў паўнавартаснага і даволі папулярнага пісьменніка, які экспераментуе з рознымі жанрамі. 5 гадоў таму ён выдаў кнігу жахаў «Гісторіі ў прыцемках», якая нарабіла шуміхі ў літаратурным бамондзе краіны і была вельмі высока ацэнена. А цяпер ад жахаў Зьміцер перакінуўся на казкі для дзяцей.
На тыдні ў электронным выглядзе выйшаў яго зборнік казак «Каралеўскае паляванне». Прэзентуючы зборнік на сваёй старонцы ў фэйсбуку Дзядзенка напісаў: «Нядаўна адзін літаратар сказаў, што сапраўдны пісьменнік правяраецца тым, ці можа ён напісаць казку...». Такім чынам, Зьміцер прайшоў сваю праверку. Хаця сказаць, што Дзядзенка толькі зараз стаў сапраўдным пісьменнікам не выпадае, бо на гэтым жа тыдні выйшаў і яшчэ адзін яго зборнік «К-версія». Гэта кніга невялікіх апавяданняў. І, канешне, наш зямляк не мог абыйсці ўвагай родны горад. У «К-версіі» прынамсі два апавяданні тычацца нашага горада. Гэта апавяданне «Люстэрка Напалеона» і «За нашу і вашу чарку і шкварку».
Пакуль што абодва зборнікі можна спампаваць і прачытаць цалкам бясплатна ў інтэрнэт-бібліятэцы «Камунікат».