У Менску ў чацвер, 3-га снежня адбудзецца суд над Наталляй Хершэ, грамадзянкай Швейцарыі, якая 11 верасня прыехала ў родную Беларусь, а ўжо праз восем дзён пасля жаночай акцыі супраць дыктатуры і яе гвалту трапіла на "суткі", а неўзабаве і пад крымінальны пераслед. У судзе Савецкага раёна Менска разгляд крымінальнай справы пачнецца а 10:30.
На яе заведзена крымінальная справа па арт. 363 Крымінальнага кодэксу РБ за "Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў з прымяненнем гвалту". Брат Наталлі папрасіў усіх, хто можа, прыехаць у суд і падтрымаць аршанку. З сабой просяць мець пашпарт і маску, каб трапіць у будынак суда.