Якія ж былі самыя чытаныя і грамадска значныя навіны ў Воршы і рэгіёне ў красавіку 2020 году? Найперш варта адзначыць, што нікуды не сыходзіла, а наадварот, толькі набірала прагляды і паніку тэматыка каранавірусу. Улады толькі праз некалькі тыдняў прызналі наяўнасць праблемы каранавірусу ў горадзе, у Юрцаве пад каранавірусных хворых вызвалілі шпіталь, у Оршы памёр першы пацыент, якому афіцыйна паставілі такі дыягназ. Таксама ў красавіку пачало працу аддзяленне для хворых і ў Оршы. Віцебская лекарка прызналася, што ў Оршы сталі зварэць на «карону» і лекары. Інтэрв’ю Наталлі Ларывонавай ускрыла шмат праблем, найперш праблему замоўчвання хваробы ў Беларусі і негатоўнасці медычнай сістэмы краіны да пандэміі. У Дуброўне ў гэтым месяцы ўпершыню вынеслі штраф за парушэнне самаізаляцыі.
Але было што чытаць і без каранавірусных звестак. Кіроўца знёс парапет на Молакава, аршанскія камунальныя службы незаконна завышалі кошт камунальных паслуг. У калоніі № 8 загінуў асуджаны, і маці стала падазраваць, што яго там забілі. У грамадзскі транспарт Оршы вярнулася беларуская мова, але, на жаль, не ва ўсе аўтобусы, і нават у снежні можна было чуць на некаторых маршрутах расейскую мову замест беларускай.
Таксама ў красавіку летась журналістцкае расследаванне паказала, што аршанскі міліцыянт Дзмітрый Вішнеўскі дапамагаў параненым баевікам псеўдарэспублік «ДНР» і «ЛНР», створаных Расеяй на акупаванай ёй тэрыторыі Украіны. Ніякага пакарання Вішнеўскі не панёс і працягнуў працу ў органах унутраных спраў. А «Орша-Сіці» стала арэнай сутыкнення паміж варожымі злодзейскімі кланамі — адгалоскі гэтай справы чуваць і цяпер.