Колькі б ні пісалі, колькі б ні гаварылі, што выпал сухой травы прыносіць шкоду, але кожную вясну ва ўсіх рэгіёнах краіны людзі працягваюць займацца гэтай дурасцю. Не прыносяць карысці факты траўмавання і гібелі людзей, спалення шматлікіх дамоў у гэты сезон.
Некалькі дзён таму тэлеграм-каналы якія нельга называць з-за іх унясення ў спіс экстрэмісцкіх апублікавалі як на выездзе з Оршы ў бок Балбасава і Шклова гарэла некалькі гектараў травы. А ўчора - 12 красавіка - амаль у тым жа месцы зноў гарэла. Пасля абеду загарэлася трава на беразу Аршыцы - не далёка ад бабровай плаціны. У той жа час гарэла трава каля чыгуначных пуцей у раёне Мясакамбіната. У дадзеным выпадку пажар быў больш небяспечны: чыгунка і наяўнасць непадалёк жылых прыватных дамоў і таму сюды прыехалі нават пажарныя, якія імкнуліся затушыць пажар.
Паспрабуем нагадаць яшчэ раз: сухую траву паліць НЕБЯСПЕЧНА. Вагонь хутка разыходзіцца па траве і кепска кантралюецца, парыў ветру можа перакінуць яго на будынкі і стварыць небяспеку жыццям людзей. Карысці ад выпалу сухой травы таксама не так і шмат. Канешне, старая трава знішчаецца і пераўтвараецца ва ўгнаенне, але разам з тым гінуць усе карысныя насякомыя, якія дапамаглі б прарасці новай траве ды знішчаецца насенне дзікай травы. Таму карысць выпалаў для абнаўлення флоры і фаўна - міф.