Раніцай 22 чэрвеня двое маладых людзей напалі на краму адной з аўтазаправак ў Оршы. Рабаўніцтва адбывалася хутка. Яны прыгразілі работніцам запраўкі і тыя зачыніліся ў падсобцы. У гэты час маладзёны забралі выручку з касы, а адзін прыхапіў яшчэ і некалькі пачак цыгарэтаў. Пасля таго як рабаўнікі збеглі, жанчыны вылезлі са сваёй схованкі і націснулі трывожную кнопку — паведмляе Дэпартамент «Ахова».
З дапамогай камераў відэаназірання і кінолагаў парачку знайшлі даволі хутка. Але пры затрыманні адзін з іх збег у лес. Яго пошукі таксама не сталі вялікай праблемаў. Праз некаторы час яго таксама знайшлі і менавіта ў другога рабаўніка знайшлі скрадзеныя грошы, цыгарэты ды яшчэ і кухонны нож.
Рабаўнікі аказаліся надта маладымі: аднаму 16, другому 17 гадоў. Прычым у маладзейшага ўжо была судзімасць за крадзёж. Абодва яны жыхары Талачынскага раёна.