34-гадовы гулец міні-футбольнага «Вітэну» Юры Рабыка стаў героем відэа, якое разляцелася па розных відэасэрвісах у свеце. У матчы з менскай «Сталіцай» 24 сакавіка, які «Вітэн» прагуляў 4:6, Рабыка неймаверным чынам уратаваў аршанцаў ад прапушчанага голу.
Відэа эпізоду, як прынята казаць цяпер, «завірусілася», ды так, што трапіла на пляцоўкі з вялікай колькасцю падпісантаў.
Старонкі 433 і sportscenter агулам маюць каля 80 мільёнаў падпісантаў, таму можна з упэўненасцю казаць, што гульнявы подзвіг Рабыкі пабачылі ў цэлым свеце.
Такой папулярнасці аршанскі спорт не меў з часоў двух геніяльных галоў Лужанкова і Ламакі ў вялікім футболе ў 2014 годзе, якія скарылі «Віцебск-2» у матчы і разляцеліся па сусветных тэлеканалах і інтэрнэце. Нашай жа рэдакцыі ў гэтым плане прыемна ўзгадваць, што тыя знакамітыя відэа здымаў карэспандэнт менавіта нашага сайту.