Суды за парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёлаў у Беларусі адбываюцца вельмі рэдка, хаця выпадкі калі хатнія жывёлы робяць нейкую шкоду не такія рэдкія. У пачатку года такі суд адбыўся ў Оршы. У апублікаванай пастанове суда, традыцыйна, схаваныя імёны, прозвішчы і назвы вуліцаў. Таму, хаця і здагадваемся, але не будзем указваць дзе дакладна адбылося здарэнне. Скажам, толькі, што гэта было ў Оршы.
Паводле сведкаў, нямецкая аўчарка Альма гуляла ў двары шматпавярховіка без намордніка і павадка. Такі вольны выгул прывёў да таго, што Альма счапілася з іншым сабакам. Але акрамя сабакі ў гэтай дваровай сутычцы пацярпеў і чалавек, якога Альма ўкусіла за палец, відавочна, калі той спрабаваў адцягнуць свайго пацярпелага пёселя.
У выніку пацярпелы чалавек, якому прычыненая шкода здароўю, хай і не вялікая. А пакусы сабаку нават ацанілі ў грашах - шкода склала 79 рублёў і 22 капейкі.
Не зважаючы на тое, што жанчына якой належала Альма прызнала сваю віну цалкам, але ж прысуд аказаўся вельмі лёгкім - папярэджанне. То бок, жанчыне проста сказалі, што сабаку нельга кусаць людзей і іншых жывёлаў і выгульваць такую пароду варта на павадку. І на гэтым усё.