Беларуская чыгунка ўзмацніла захады бяспекі пасля падрыву цеплавоза на Браншчыне (на галоўным фота). У Бранскай вобласці Расеі адбыліся два падрывы чыгуначных каляін, пасля чаго спыніўся рух цягнікоў на ўчастках Унеча — Бранск (1 траўня) і Сняжэцкая — Белыя Берагі (2 траўня). Пад адхон партызаны пусцілі грузавыя вагоны і лакаматывы. Лакаматыўныя брыгады, першая з якіх была беларускай, не пацярпелі па шчаслівай выпадковасці, піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Цяпер яна ж піша, што дзве запар дыверсіі ў адным рэгіёне побач з беларускай мяжой і пры ўдзеле беларускай лакаматыўнай брыгады заахвоцілі ўлады ў Менску прыняць дадатковыя захады бяспекі на БЧ. На ахову чыгуначнай інфраструктуры Беларусі накіраваны дадатковыя рэсурсы.
У гэты момант праводзяць дадатковае інфармаванне работнікаў БЧ аб праяўленні пільнасці і неабходнасці паведамляць аб прысутнасці паблізу каляін старонніх або падазроных асоб. Апісваюцца магчымыя прыметы, па якіх неабходна вызначаць патэнцыйнага дыверсанта. За выяўленне падобных асоб прапануюць узнагароджанне.
Для непасрэднай аховы задзейнічаюць сілы войскаў ад памежнікаў да сіл спецыяльных аперацый. З 2 траўня атрады з поўначы Беларусі накіроўваюцца ў Берасцейскую вобласць для аказання дапамогі па ахове інфраструктуры. Размяшчаюць вайскоўцаў непасрэдна ў палявых умовах.
Кантралююць чыгуначныя каляіны, прылады сігналізацыі і сувязі на перагонах, пуцеправоды і бліжэйшыя аб’екты. Асаблівая ўвага — бяспецы чыгуначных мастоў і выключэнню магчымасці доступу пабочных асоб да іх.
Таксама праводзіцца патруляванне тых участкаў, дзе немагчыма ажыццяўляць дыстанцыйны кантроль сродкамі відэаназірання.
Праводзяцца агляды каляін з мэтай выяўлення пабочных прадметаў. Чыгуначнікаў дадаткова інструктуюць, што рабіць пры іх выяўленні.
Неабходнасць такіх мерапрыемстваў абумоўлена высокай верагоднасцю магчымых дыверсій на БЧ, улічваючы тое, што яе раней задзейнічалі для перавозкі расейскага ўзбраення, тэхнікі, боепрыпасаў і асабовага складу.
Паважаныя чытачы Orsha.eu, калі вы маеце інфармацыю пра падзеі на Аршанскім чыгуначным вузле, просім вас звязацца з рэдакцыяй.