Гаворка ідзе пра ўраджэнца Круглага Дзяніса Хахлова. За ўдзел у пратэстах яго асудзілі на два гады "хатняй хіміі". Хаця гэта можна лічыць лёгкім прысудам па сёняшніх часах, Дзяніс палічыў за лепшае быць на волі і з'ехаў у Расію. Адтуль ён планаваў перабрацца ў Грузію, але быў затрыманы ўжо на Каўказе, бо беларускія ўлады абвесцілі яго ў міждзяржаўны вышук.
Два месяцы расейскі суд разглядаў пытанне пра эктрадыцыю Хахлова. І прыняў рашэнне, што няма падставаў для выдачы яго беларускім уладам. Не зважаючы на рашэнне суда, круглянца ўсё ж выдалі ў Беларусь. А 26 кастрычніка Шклоўскі суддзя Аляксандар Тараканаў прыгаварыў Хахлова да 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.