У Эстоніі, Фінляндыі і Польшчы апошнімі днямі фіксавалі праблемы з GPS-навігацыяй. Адразу некалькі польскіх выданьняў паведамілі аб зьнікненьні GPS на большай частцы тэрыторыі Польшчы, у тым ліку ў Сувальскім калідоры.
Польскае выданьне wprost.pl паведаміла, што збоі ў працы фіксаваліся ў краіне некалькі разоў — у канцы снежня 2023-га году, а таксама 10, 11 і 16 студзеня 2024.
Джон Уайзман, які кіруе сайтам gpsjam.org, у інтэрв’ю выданню выказаў думку, што такія збоі могуць быць «наўмыснай спробай глушэння ў часе правядзення вайсковых вучэнняў», бо тэрыторыя супадае з тэарэтычным дыяпазонам расейскіх сістэм перашкод, размешчаных у Калінінградскай вобласці Расеі.
Але абумовіць праблемы толькі расейскімі вучэннямі на Калінінградчыне складана. Справа ў тым, што праблемы і збоі ў працы навігацыі 17 студзеня, паводле статыстыкі таго ж сайту, былі і ў Беларусі, а менавіта ў кірунку Менску, Смалявічаў, Барысава, Новалукомля, а таксама пад Воршай і Віцебскам.
Калі ў нашых чытачоў ёсьць інфармацыя, як працуе GPS-навігацыя цяпер, просім звязацца з рэдакцыяй. Ананімнасць гарантуем!