Цікавую крымінальную справу разгледзеў у пачатку траўня Аршанскі суд. Для пачатку распавядзем сутнасць справы. Новы 2024 год вырашылі сустрэць разам два суседа па вёсцы (хутчэй за ўсё гаворка пра вёску Вялікае Бабіна - у апублікаванай публічна пастанове суда назва схаваная). Адзін сусед, які пражываў з сужыцельніцай запрасіў другога да сябе дадому. Здаецца выпівалі мірна. Але ў нейкі момант сужыцельніца адыйшла па патрэбе, а калі вярнулася, то заўважыла ў свайго сужыцеля ў спіне нож на ўзроўні правай нырцы (потым медыкі сапраўды падцвердзілі раненне ныркі) і выклікала міліцыю. Калі ж за медыкамі прыехала і міліцыя, аказалася, што ні адзін удзельнік папойкі не памятаў што адбылося - спрацавала моцнае ап'яненне, а жанчына, як гаварылася вышэй, выходзіла ў той момант калі сцізорык з'явіўся ў спіне мужчыны.
Загдкай падзеі былі не доўга. Аказалася, што ў гаспадара хаты на кухні стаяла камера назірання, якая назірала не за вуліцай, што было б лагічна, а была накіраваная на кухню. Што гаспадар хаты хацеў зафіксаваць ва ўласнай кухні не так і важна. Важна, што ўдзельнікі падзеяў пачалі ўзгадваць падзеі тады калі ім і паказалі запіс камеры. Аказваецца, сварка ўзнікла з-за жанчыны. Адзін мужчына прырэўнаваў другога і пайшло-паехала.
Пры гэтым, мужчына з ныркі якога дактары дасталі сцізорык, застаўся жывым. Але... Пакуль ішло следства ён патрапіў у аварыю і загінуў. У выніку ягоныя паказанні зачытвалі тыя, якія паспелі ўзяць паміж спробай яго забойства і рэальнай нечаканай смерцю.
І хаця ахвяры ўжо не няма ў жывых, нападніка пакаралі рэальным тэрмінам: 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.